Батура: «Я пенсіянер і буду цяпер адпачываць»
Генеральным дырэктарам ААТ «Барысаўдрэў» па-ранейшаму застаецца Уладзімір Мальцаў.
«Здаецца, генеральным дырэктарам ААТ «Барысаўдрэў» застаўся Мальцаў», — паведамілі ў канцэрне «Беллеспаперапрам».
Крыніца ва ўрадзе пацвердзіла, што рашэння аб звальненні Уладзіміра Мальцава не было.
Былы старшыня Мінаблвыканкама 66-гадовы Барыс Батура, якому Аляксандр Лукашэнка загадаў заняць пасаду гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў», на працу на гэтай пасадзе не выходзіў і
пакуль наогул не плануе шукаць новую працу. Трэба адзначыць, што згодна з законам Беларусі аб дзяржслужачых, гранічны ўзрост іх знаходжання на дзяржслужбе складае 65 гадоў. Аднак гэта не тычыцца
дзяржслужачых, уключаных у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы. З іх згоды яны могуць заставацца на дзяржаўнай службе ў парадку, устаноўленым прэзідэнтам.
Звольніць Батуру з пасады старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта кіраўнік дзяржавы распарадзіўся 8 лістапада, падчас наведвання ААТ «Барысаўдрэў».
Тады Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў урад і сваю адміністрацыю ў сувязі з сітуацыяй у дрэваапрацоўчай прамысловасці, а таксама распарадзіўся зрабіць шэраг кадравых перастановак.
«Батуру адхіліць ад пасады і накіраваць сюды кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць па ім крымінальную справу», — заявіў кіраўнік
дзяржавы.
У той жа дзень быў падпісаны ўказ прэзідэнта № 502 «Аб адказнасці за парушэнне выканальніцкай дысцыпліны». Згодна з дакументам, «за неналежнае выкананне даручэнняў
прэзідэнта Беларусі па мадэрнізацыі вытворчасці ААТ «Барысаўдрэў» Барыс Батура вызвалены ад пасады старшыні Мінскага аблвыканкама».
Ва ўказе нічога не сказана пра звальненне генеральнага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў» і прызначэнні новага.
Сам Батура ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» ў аўторак сказаў: «Я пенсіянер і буду цяпер адпачываць».
На пытанне карэспандэнта: «Але ж Вам сказалі прыйсці на «Барысаўдрэў» і працаваць дырэктарам» — Батура адказаў:
— «Ну няма такога. Ва ўсякім разе ва ўказе».
Карэспандэнт: «Але ж Лукашэнка сказаў Вам прыйсці і праз тры дні працаваць на «Барысаўдрэве»…
Батура: «Я пакуль адпачываю».
Карэспандэнт: «А што там Вам пагражалі, што распачнуць крымінальную справу, пад суд аддадуць, што ёсць нейкія падставы?».
Батура: «Ну аддадуць, дык аддадуць. Мы людзі паднявольныя, не надта добра сябе адчуваем».
БелаПАН, svaboda.org