Барысаў: 90% ІП падтрымалі агульнанацыянальны страйк

Сёння каля дзевяноста працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рэчавых рынках Барысава, падтрымалі аднадзённы агульнанацыянальны страйк. На ўсіх чатырох рынках, дзе гандлююць адзеннем і абуткам, пераважная большасць гандлёвых кропак зачыненыя.



zabastouka.jpg

Напярэдадні страйку, 26 чэрвеня, дэлегацыя прадпрымальнікаў, якія гандлююць адзеннем і абуткам і выплачваюць адзіны падатак, сустрэліся з намеснікам старшыні Барысаўскага райвыканкама Дзмітрыем Голубевым. Чыноўніку былі перададзеныя прапановы па зніжэнні напружанасці ў прадпрымальніцкім асяроддзі. Акрамя іншага, у дакуменце давалася тлумачэнне, чаму сертыфікацыя тавараў, што рэалізуюцца ІП на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, здольная пазбавіць прадпрымальнікаў бізнесу.


«Наша забастоўка носіць папераджальных характар, — растлумачыў старшыня Савета прадпрымальнікаў найбуйнейшага ў Барысаве рэчавага рынку «Стадыён» Уладзімір Сітнікаў. — Мы разумеем, калі не станем змагацца з сертыфікацыяй, можам пазбавіцца сродкаў да існавання. Інфармацыя аб адтэрміноўцы сертыфікацыі да 1 ліпеня наступнага года праходзіла ў СМІ, але ж дакумент так і не апублікаваны афіцыйна. А калі гэтая інфармацыя не знойдзе пацверджання? Тады ўжо з панядзелка нам прыйдзецца везці ў Мінск (таму што ў Барысаве такія даследаванні не робяць) тавары ... А гэта — крах нашаму бізнэсу ».

 
spring96.org