Баранавіцкі суд пастанавіў знішчыць украінскі сцяг
Баранавіцкі суд пастанавіў знішчыць дзяржаўны ўкраінскі сцяг. Гэта стала вядома пасля таго, як грамадскі актывіст Уладзімір Гундар 15 траўня атрымаў копію пастановы ад 8 траўня за подпісам намесніка старшыні суда Васіля Петрыва.
У лісце ўказваецца, што паколькі пастанова суда ад 21 сакавіка (суддзя Станіслаў Півавар) адносна адміністрацыйнай справы Уладзіміра Гундара, які арганізаваў 4 сакавіка ў цэнтры Баранавічаў адзіночны пікет супраць вайны Расіі з Украінай, уступіла ў сілу, “рэчавы доказы: нацыянальны сцяг Украіны і плакат з надпісам “Пуцінскія банд-агрэсары — гець з Украіны! Прэч з Беларусі!” — знішчыць”.
Падчас пікета, накрыўшы плечы блакітна-жоўтым сцягам Украіны і разгарнуўшы каляровы плакат, Уладзімір Гундар прастаяў у цэнтры Баранавічаў каля 10 хвілін.
Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП РБ — арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і прысудзіў адміністрацыйны штраф у памеры 15 базавых велічынь. Суддзя Станіслаў Півавар адмовіўся вярнуць украінскі сцяг і плакат Уладзіміру Гундару, паведаміўшы, што гэтыя рэчавыя доказы па закону павінны застацца ў яго адміністрацыйнай справе.
Але цяпер суд прыйшоў да высновы, што дадзеныя рэчавыя доказы неабходна знішчыць. Далей адзначаецца, што дадзеная пастанова суда абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
— Калі мы прымалі ўдзел у святкаванні ў Баранавічах 90-х угодкаў БНР 25 сакавіка 2008 года, то у нас міліцыя канфіскавала пяць бел-чырвона-белых сцягоў, але пасля суда нам іх вярнулі. Мне вельмі сорамна за такое рашэнне гарадскога суда, які зняважыў дзяржаўныя сімвалы нашай братняй Украіны, — пракаментаваў Уладзімір Гундар.