Асобная думка. Беларускія школы як сур’ёзная пагроза для дзіцячай псіхікі
Беларуская школа эпохі позняга лукашызму ўяўляе сабой даволі страшнае ўтварэнне, уплыў якога не варта недаацэньваць. Паўсюльная хлусня, запужванне маладзёнаў калоніяй падчас «інфармацыйных гадзін» даўно сталі нормай. Які адбітак гэта пакіне на псіхіцы маладых беларусаў? Ці падрыхтаваныя яны да такога націску?
Днямі адну з беларускіх школ наведаў чалавек, якія прадставіўся адвакатам. Падчас так званай інфармацыйнай гадзіны так званы адвакат распавёў вучням дзявятых класаў аб адказнасці за непажаданыя падпіскі, рэпосты, публікацыі. То бок наўпрост пагражаў пятнаццацігадовым людзям палітычнымі рэпрэсіямі за адхіленне ад «лініі партыі».
Як правіла, такія сустрэчы — сістэмная з'ява, хутчэй за ўсё, падобнае адбывалася ў школах па ўсёй краіне.
Насамрэч, гэта звычайная практыка – беларускія школы актыўна справаздачацца на сваіх сайтах і ў сацыяльных сетках пра візіты такога кшталту «шаноўных гасцей». Так, пастаяннымі наведвальнікамі ўстановаў адукацыі сталі «адвакаты», АМАПаўцы і нават «прадстаўнікі СІЗА». Гэта не жарт і не перабольшванне: сёлета гімназія №5 горада Брэста пахвалілася тым, што прадстаўнік пенітэнцыярнай сістэмы распавёў школьнікам пра «варыянты працаўладкавання ў СІЗА».
Жывучы ва ўмовах паталогіі лёгка прыняць яе за норму. Здаецца, менавіта гэта адбываецца з намі – дарослымі, што маўкліва назіраюць за падобнымі дзікунствамі. «Якія часы, такія і метады», – скажуць разважлівыя бацькі, разумеючы сваё бяссілле перад прапагандысцкай махінай. А некаторыя родзічы ўвогуле не ўбачаць у агучаным праблемы ці назавуць падобныя меры адэкватнымі (і гэта, напэўна, самае страшнае).
Аднак вернемся да «адвакатаў», якія вырашылі нагадаць дзецям напярэдадні летніх вакацый, «як трэба Радзіму любіць».
Адзін з вучняў прызнаўся, што гэты выступ зрабіў на яго моцнае ўражанне. Малады чалавек (звычайны школьнік) сапраўды моцна спужаўся, прызнаўся, што пасля праслуханага «адпісаўся ад усяго, што можа выклікаць падазрэнні». Пры гэтым, на ўвазе дакладна меліся не суполкі «экстрэмісцкіх» медыя, але бяскрыўдныя беларускамоўныя акаўнты ці агулам любыя інфармацыйныя рэсурсы.
Так, ад школьнай парты людзей вучаць пачувацца ва ўласнай краіне падначаленымі, а не гаспадарамі. Пры гэтым, падначаленымі кожнага дурня, які на пустым месцы назаве сябе аўтарытэтам. Вучаць жыць у страху. Вучаць не надта адрозніваць добрае ад злога, знішчаючы гэтую тонкую мяжу.
Вядома, роля сям’і ў станаўленні асобы нашмат большая, чым роля школы. І калі дом будзе месцам праўды і годнасці, дык школа, здаецца, будзе бяссільнай. Але такім чынам дзіцё апынаецца ў дваістым свеце, жыве ў раздраі і, каб захаваць уласную бяспеку, вымушанае вучыцца крывадушнасці. Усё гэта – занадта вялікая ноша для маладзёнаў. Адмовіцца ад сваіх ідэалаў, ад прынцыпаў, якія толькі-толькі пачынаюць фармавацца, нашмат прасцей, чым вытрымаць гэты ціск.
Таму бацькі, для якіх стан іх школьнікаў не абыякавы, павінны ўзяць на сябе прынамсі частку гэтага ўдару. Адшукаць правільныя словы, вынайсці інтанацыю, з дапамогай якой малеча (ці не такая ўжо малеча) навучыцца адрозніваць танны блеф ад сапраўднай пагрозы, дурняў ад тых, да каго варта прыслухацца. Навучыцца жыць лёгка, весела і без страху. Але ці ўмеюць гэта самі дарослыя?