Арганізатарка велапакатушак стылягаў: «Я баюся, што мяне могуць знайсці і пасадзіць!»
17 жніўня па горадзе раз’язджалі сапраўдныя стылягі — дзяўчаты ў сукенках у гарошак і маладыя людзі з прычоскамі ў стылі шасцідзесятых. А 2 верасня арганізатарку гэтага незвычайнага заезду Ірыну аштрафавалі — за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
© Фота Сяргея Гудзіліна.
Карэспандэнт «Еўрарадыё» пагутарыў з арганізатаркай велапакатушак.
Еўрарадыё: За арганізацыю «пакатушак» стыляг на роварах вас пакаралі двума мільёнамі рублёў — збіраецеся абскарджваць прысуд?
Ірына: Па сутнасці, мы ж не трапляем пад другі артыкул гэтага закону («Аб масавых мерапрыемствах». — заўв. Еўрарадыё). Я, па шчырасці, вельмі баюся
абскарджваць. Бо могуць увогуле пасадзіць. Але людзі ўсе за мяне і ўсе кажуць: «Давай, давай далей!» Маўляў, трэба абскарджваць, бо інакш ніводнай «пакатушкі» ў
Мінску больш ніхто не захоча арганізоўваць.
Еўрарадыё: А садзіць за што?!
Ірына: Я проста сама працавала ў гэтай сістэме і ведаю, што гэта такое.
Еўрарадыё: Вы самі мелі дачыненне да праваахоўных органаў?
Ірына: Так, тры гады таму.
Еўрарадыё: У такім выпадку вы павінны ведаць заканадаўства, разумець, што непрыемнасці магчымыя і, каб ад іх застрахавацца, звярнуцца ў мясцовую адміністрацыю па дазвол на
правядзенне «Стыляг на роварах»…
Ірына: Неаднаразова раней людзі хадзілі па дазвол і большасці адмаўлялі.
Еўрарадыё: Такім чынам, вы ад пачатку вырашылі не марнаваць час на атрыманне дазволу?
Ірына: Сапраўды, мы былі ў курсе ўсіх гэтых спраў, але мы не чакалі да такой ступені масавага мерапрыемства, як гэта атрымалася! А калі я клічу сваіх 5–7 чалавек сяброў
пакатацца, то я таксама павінна ісці ў гарвыканкам браць дазвол на гэта?!
Еўрарадыё: Калі вы будзеце заклікаць да сустрэчы праз сацыяльныя сеткі, прызначаць канкрэтны дзень, месца, час сустрэчы, форму адзення, то — так, выглядае, што выканкам
не абмінуць…
Ірына: А што рабіць, калі я жыву ў Мінску, а брат — у Мазыры? І я яму не магу датэлефанавацца, бо сёння ён на службе — тады я яму пішу праз сацыяльную сетку, я
яго «заклікаю» там. А як па-іншаму?
Еўрарадыё: Вас, як гэта звычайна робіцца, міліцыянеры прасілі «разысціся, бо мерапрыемства несанкцыянаванае»?
Ірына: Нічога такога не было. Мы не больш за 5–10 хвілін былі на плошчы, хутка сабраліся і адразу адтуль з’ехалі. Бо я ведала, прадбачыла, што нас прыедуць і
разгоняць. І чаму нас не прыехалі і не разагналі ў гэты момант, калі паўсюль быў тэлефон і мае кантакты?
Еўрарадыё: Вы ведаеце міліцэйскую сістэму — у тым, што пратакол склалі заднім днём, не было парушэнняў працэсуальных норм?
Ірына: У іх было 10 дзён — 17 ці 19 жніўня падалі. Вось, атрымліваецца, яны і ўклаліся ў гэтыя 10 дзён — 28 жніўня мяне выклікалі на допыт. Хаця яны абавязаны
былі мяне ўжо на наступны дзень пасля «пакатушак», у панядзелак ці ў аўторак мяне выклікаць. А тут рэальна — усё было заднім днём зроблена.
Еўрарадыё: Суддзя хаця б выслухала вашы тлумачэнні?
Ірына: Яна ўвогуле нічога не слухала! Мы прыехалі ў суд, міліцыянер, што вёў нашу справу, аддаў паперы сакратару судовага пасяджэння і гадзіну мы сядзелі ў калідоры, нічога не
ведаючы.
Еўрарадыё: Вас пакаралі як галоўнага арганізатара акцыі?
Ірына: Так. Але ж гэта не было акцыяй! Гэта была звычайная «пакатушка», якія штодня ў нас на веладарожках адбываюцца. Вось, я зараз ішла па горадзе і па
тратуары ўздоўж праспекта ехалі на роварах 15 чалавек — выехалі людзі проста пакатацца. Дык спыняйце іх і штрафуйце!
Еўрарадыё: Паводле закона, пакаранню падлягаюць не толькі арганізатары, але і ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства. Па той логіцы, паводле якой пакаралі вас, маглі
пакараць і ўсіх астатніх удзельнікаў «пакатушак»?
Ірына: Атрымліваецца, што маглі. Асабіста я ўжо проста не катаюся на ровары — я баюся на ім выязджаць!
Еўрарадыё: На вашу думку, навошта было праваахоўным органам заводзіць на вас адміністрацыйную справу?
Ірына: Не ўяўляю — ніхто ж нікому не перашкаджаў. Не разумею, каму мы перашкодзілі і што мы зрабілі не так.
Ну, заплаціла, і што? Ну, ні ўзгадніла я мерапрыемства з выканкамам — дык не ведала, што столькі людзей прыедзе! Чакаліся ж толькі 20 чалавек у касцюмах — гэта менавіта тыя,
каго я чакала.
Еўрарадыё: А прыехала?..
Ірына: Нават не ведаю, па шчырасці.
Еўрарадыё: Удзельнікі «пакатушак» прапаноўвалі вам дапамагчы выплаціць штраф?
Ірына: Прапаноўвалі. Вось, сёння ў мяне дома будзе ізноў-такі несанкцыянаваны сход, і будуць пра гэта казаць, і пра абскарджванне прысуду. Людзі хочуць дапамагчы.
euroradio.fm