Арганізатара праўладных шэсцяў Каўрыгіна прызналі вінаватым па справе аб бойцы ў ліфце

Суд Першамайскага раёна Мінска вынес рашэнне па справе аб бойцы ў ліфце. Сяргей Каўрыгін — былы супрацоўнікі EPAM, арганізатар і ўдзельнік праўладных шэсцяў — прызнаны вінаватым у наўмысным прычыненні лёгкіх цялесных пашкоджанняў, паведамляе dev.by.

be27eefe0a6db3cffe92c78fa9d7cf7e.jpg

Суд прызначыў Каўрыгіну штраф у памеры 150 базавых велічынь (4350 рублёў). Таксама ён павінен сплаціць выдаткі і маральную шкоду пацярпеламу — інжынеру-праграмісту EPAM Сяргею Карпаву. З Каўрыгіна ўзятая падпіска аб нявыездзе да поўнай выплаты штрафу і пазову.

Што было падчас суда

Сяргей Каўрыгін сваю віну не прызнаў. На яго думку, Карпаў пагражаў яму і яго сям'і. Дзеянні Каўрыгіна былі самаабаронай.

На відэазапісе Каўрыгін сябе не пазнаў, але пазнаў сваю жонку і дзяцей. Ён кажа, што відэа раней не бачыў, хоць старшыня ЖБВК сведчыў, што відэа бойкі выдавалі і Карпаву, і Каўрыгіну.

Каўрыгін паведаміў суду, што як дырэктар ІТ-кампаніі ён атрымлівае ўсяго 400 рублёў, у яго чацвёра маленькіх дзяцей. У маёмасці ў яго знаходзіцца адно аўто — «BMW X6». Ён далучыў да справы даведку, што з’яўляецца сябрам арганізацыі «Патрыёты Беларусі», станоўчыя характарыстыкі з месца сваёй працы, школы і дзіцячага садка дзяцей.

Суддзя Максім Трусевіч прапанаваў пацярпеламу прымірыцца з Каўрыгіным з нагоды года народнага адзінства. Каўрыгін быў згодны на прымірэнне бакоў з вяртаннем усіх выдаткаў. Пацярпелы адмовіўся.

Жонка абвінавачанага, Кацярына Каўрыгіна, распавяла ў судзе, што ў дваровым чаце мужа цкавалі за шэсці. Але не ведае, ці рабіў гэта менавіта Карпаў. Кажа, што бойку ў сям'і не абмяркоўвалі. На відэа бачна, што адзін з удараў Каўрыгіна зачапіў жонку. У яе зляцелі акуляры. Але і гэтага яна, паводле яе слоў, не памятае. Відэа яна таксама не бачыла.

Каўрыгін прапаноўваў далучыць да справы скрыншоты з дваровага чата з цкаваннем «ябацек» (так іх называлі ў чаце, паводле яго слоў). Ён сцвярджае, што ў перапісцы удзельнічаў Карпаў. Суд адхіліў.

Абарона Карпава прасіла асудзіць Каўрыгіна паводле арт. 153 КК і прызначыць не штраф (з улікам маленькага заробку і непаўналетніх дзяцей), а грамадскія працы – 240 гадзін. Плюс пакрыццё фінансавых страт пацярпелага: 3000 рублёў (маральную шкоду), 550 рублёў( медрасходы), 1350 рублёў — паслугі адваката) — усяго амаль 5 тысяч рублёў. Для гарантыі выплаты абарона прасіла накласці арышт на «BMW Х6» Каўрыгіна.

У апошнім слове Каўрыгін не прызнаў сябе вінаватым і прасіў звярнуць увагу суду на тое, што па меддапамогу Карпаў звярнуўся «ў прыватную клініку „Ладэ“, якая вядомая негатыўным стаўленнем да дзеючай улады».

 

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ўвечары 18 кастрычніка недалёка ад ПВТ у доме, дзе пражывае Каўрыгін. Мясцовыя жыхары паведамлялі, што Каўрыгін збіў суседа ў ліфце на вачах сваёй (Каўрыгіна) жонкі і дзяцей. Сусед атрымаў удары і закрытую чэрапна-мазгавую траўму і быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу.