Андрэя Бандарэнку затрымалі на трое сутак

Адміністрацыйная справа ў дачыненні да дырэктара прыватнага культурна-асветніцкай установы «Платформы інавэйшн»  Андрэя Бандарэнка вернута ва УУС Маскоўскага раёна Мінска для ліквідацыі недахопаў. Такое рашэнне прыняў 14 лістапада суд Маскоўскага раёна.



adrej_bandarenka.jpg

Суддзя Яўген Хаткевіч заявіў, што пратакол не можа быць складзены асобай, якая зацікаўлена ў раскрыцці справы.

Пры выхадзе з будынка суду Андрэй Бандарэнка ізноў быў затрыманы міліцыяй. Па словах відавочцаў, да яго падышоў прадстаўнік Маскоўскага РУУС, які ўдзельнічаў у працэсе, і прапанаваў праваабаронцу прайсці з ім для ліквідацыі недакладнасцяў у адміністрацыйным пратаколе. Бандарэнка адмовіўся гэта рабіць без адваката. Тады супрацоўнік міліцыі заявіў, што можа затрымаць яго на 72 гадзіны, на што Бандарэнка адказаў: «Затрымлівайце».


Як паведаміў БелаПАН Бандарэнка, цяпер ён знаходзіцца ў будынку суда Маскоўскага раёна. Яму заявілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны і што ў дачыненні да яго павінен быць складзены новы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Андрэй Бандарэнка абвінавачваўся па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства). Гаворка ідзе пра падзеі 14 верасня, калі ў Мінску былі затрыманыя 18 чалавек. Яны збіраліся правесці хвіліну маўчання каля следчага ізалятара № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе пры нявысветленых абставінах памёр 21- гадовы мінчук Ігар Пцічкін.
Акцыя была прымеркавана да 40-га дня з яго смерці, аднак так і не адбылася. Пяць чалавек былі затрыманыя ў раёне Нямігі, астатніх затрымалі каля СІЗА № 1. Частку людзей даставілі ў Маскоўскі РУУС і пасля складання адміністрацыйных пратаколаў адпусцілі без позваў у суд. Частка затрыманых 16 верасня паўсталі перад судом Цэнтральнага раёна, іх прызналі вінаватымі ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства і пакаралі штрафамі.
belapan.by