«Альтэрнатыва» правяла флэшмоб пад музыку «Ляпісаў»
Актывісты «Альтэрнатывы» 10 лістапада ў падземным пераходзе ля сталічнага рынку «Серабранка» размясцілі расцяжку «Новае пакаленне абірае волю!», а таксама выяву бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Акцыя праходзіла пад музычнае суправаджэнне — гучалі хіты культавага калектыву «Ляпіс Трубяцкі».
Расцяжка правісела 15 хвілін пакуль на месца правядзення акцыі не паспеў міліцэйскі патруль. Усё абыйшлася без якіх-небудзь інцыдэнтаў.
«З дапамогай такога паслання мы хочам паказаць грамадству каштоўнасны арыенцір маладога пакалення на ідэі волі і дэмакратыі, развіцця і прагрэсу беларускай дзяржавы. Пераважная частка беларускай моладзі стамілася ад дыктатуры, саўка, прапаганды і прэсінгу, бесперспектыўнасці. Сёння ўсе думаючыя грамадзяне прагнуць пераменаў, канкрэтных пазітыўных змен. Упэўнены, з дапамогай такіх акцый мы павялічваем грамадзянскую актыўнасць, палітычнае мысленне, а таксама спрабуем стымуляваць нашых грамадзянаў перамагаць страх унутры сябе», — каментуе ідэю акцыі прэс-служба ГА «Альтэрнатыва».
Паводле паведамлення прэс-службы ГА «Альтэрнатыва»