Актывісты руху "За свабоду" пакараныя арыштам за салідарнасць з Украінай
Арцём Лява і Алесь Марчанка атрымалі па 5 сутак арышту за учорашнюю акцыю салідарнасці з Украінай, праведзеную каля расійскай амбасады.
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Старшыня руху Аляксандр Мілінкевіч тым часам узяў удзел у Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі, якая адбылася ў Дубліне 6–7 сакавіка.
Самае рэзананснае пытанне, якое абмяркоўвалася, — сітуацыя ва Украіне. У Дублін прыляцелі лідары ўкраінскай апазіцыі — Віталь Клічко і Юлія Цімашэнка.
У ірландскай сталіцы адбыўся міжнародны прадстаўнічы пікет у падтрымку народа Украіны, удзел у якім узяў і Аляксандр Мілінкевіч, паведамляе сайт руху "За свабоду".
Выступаючы на пікеце, палітык адзначыў: "Дэмакратычная і беларуская Беларусь разам з тымі, хто адстойвае свабоду ва Украіне. І мы, і вы — еўрапейцы, мы павінны вярнуцца ў еўрапейскую сям'ю. Гэта пытанне цывілізацыйнага выбару. Еўрасаюзу варта садзейнічаць гэтаму працэсу і, у прыватнасці, не толькі на словах асудзіць, але і выкарыстаць усе магчымасці, каб спыніць спробу неаімперскага рэваншу з боку Масквы".