Адвакат Наталлі Шэлег патрабуе бяспекі для яе сям’і

Адвакат Наталлі Шэлег патрабуе гарантаваць бяспеку яе сям'і. Пададзена адпаведнае хадайніцтва. Адвакат выказвае заклапочанасць развіццём сітуацыі вакол справы сям'і Шэлег.



180825_original.jpg

Літаральна праз некалькі гадзін пасля падачы хадайніцтва здзейснены напад на бацьку Наталлі — Вячаслава Шэлега. Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” выказвае ўпэўненасць, што “стаў ахвярай супрацоўніка міліцыі”.

Інцыдэнт адбыўся ля ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама. „Міліцыянер у цывільнай вопратцы напаў, калі паркаваў аўтамабіль на міліцэйскай паркоўцы”, — сцвярджае актывіст.

Ва ўпраўленні ўнутраных спраў прызнаюць, што такі інцыдэнт адбыўся, аднак каментаваць яго адмаўляюцца. Вячаслаў Шэлег чакае вынікаў працэдуры зняцця пабояў.

Нагадаем, 27 ліпеня 16-гадовая Наталля выйшла з хаты на традыцыйную ранішнюю прабежку і не вярнулася. Як высветлілася, на стадыёне пасля прабежкі, калі яна падышла да турніка, нехта ззаду стукнуў Наталлю па патыліцы цяжкім, тупым прадметам. Дзяўчына страціла прытомнасць, пасля яе паклалі ў машыну і вывезлі ў лес. Без прытомнасці яна правяла каля дзвюх гадзін. Яна была ўся перапэцканая чорнай фарбай. Абутку на ёй не было, вопратка была разарваная.

Па пытанні выкрадання дачкі актывіста следчыя органы праводзяць крымінальную справу.

www.radyjo.net