Адкрылася яшчэ адна кавярня з безбар'ерным асяроддзем
4 лістапада ў цэнтры лічбавых паслуг А1 адкрылася кавярня «Інклюзіўны
барыста». Першыя наведвальнікі змаглі не толькі ацаніць смак
першакласнай кавы, але і пераканацца ў тым, што тут няма ніякіх
абмежаванняў для людзей з інваліднасцю. Безбар'ернае асяроддзе створана
не толькі для гасцей, але таксама для работнікаў.
Заснавальнікі «Інклюзіўнага барыста» ўжо здзівілі ўсіх, калі за адзін месяц змаглі адкрыць ўстанову, размясціўшы пост у Facebook аб тым, што шукаюць партнёраў. СЕО кампаніі Гельмут Дуз запрасіў заснавальніка праекту Аляксандра Аўдзевіча і дырэктара кавярні Васю Паўлікава на перамовы ў пачатку кастрычніка, і ў гэты ж дзень пачалася падрыхтоўка да адкрыцця кавярні.
На адкрыцці гасцям прэзентавалі незвычайныя кубкі, надпісы на якіх зроблены шрыфтам Брайля, а ідэйны натхняльнік праекта Аляксандр Аўдзевіч прадставіў сваіх супрацоўнікаў. Варыць каву для наведвальнікаў будуць чацвёра барыста-вазочнікаў, кіраваць якімі будзе Васіль Паўлікаў, першы ў Беларусі дырэктар з сіндромам Дауна. На адкрыцці кавярні Васіль урачыста запусціў кава-машыну.
«Кавярня ў флагманскім краме — гэта першы сумесны праект кампаніі А1 і «Інклюзіўнага барыста». Мы рады супрацоўнічаць з людзьмі, якія робяць вельмі шмат для развіцця інклюзіўнай супольнасці ў Беларусі. За гэтым праектам стаяць выдатныя людзі: Аляксандр Аўдзевіч, Васіль Паўлікаў, барыста, якія кожны дзень даказваюць, што ўсе бар'еры можна і трэба пераадольваць. Мы, у сваю чаргу, рады, што кампанія А1 змагла прапанаваць умовы, якія задаволілі рабят», — распавядае начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.
«Інклюзіўны барыста» у А1 — гэта першае месца ў Мінску, дзе абсталяваная барная стойка-трансформер, якая адаптаваная пад рост і фізічныя магчымасці супрацоўнікаў-калясачнікаў, чалавек з нізкім або высокім ростам зможа адрэгуляваць працоўнае месца так, як яму зручна.
«Нам хацелася, каб у нашай кавярні зручна было ўсім: і наведвальнікам, і супрацоўнікам, — распавядае Аляксандр Аўдзевіч, — каб барыста думалі пра тое, як зварыць добрую каву, а не пра тое, як падбудавацца пад сваё працоўнае месца. Дзякуючы падтрымцы А1 у нас з'явілася суперсучасная стойка. Таксама мы хочам, каб наша кавярня была экалагічнай, таму мы адмовіліся ад традыцыйнага меню на паперы, і ўвесь асартымент нашых дэсертаў і напояў будзе праецыявацца на сцяну».
Прэс-рэліз