ААН прызнаў парушэнне правоў маці пакаранага смерцю. Гэта важнае прэцэдэнтнае рашэнне

Праз сем гадоў пасля падачы скаргі Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады і суд сапраўды парушылі правы маці асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Селюна.

selun_novy_chas_494f5_logo.jpg

Камітэт па правах чалавека ААН вынес рашэнне на зварот Тамары Сялюн, маці асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Селюна. Жанчына прасіла прызнаць, што яе права не зазнаваць жорсткае абыходжанне было парушанае Дэпартаментам выканання пакарання: пасля расстрэлу яе сына ведамства пасылкай даслала жанчыне турэмнае адзенне Паўла з надпісам «ИМН», якое ён насіў падчас знаходжання ў «калідоры смяротнікаў», пры гэтым ДВП не паведаміў час і месца пахавання. Атрымаўшы гэтую пасылку, жанчына адчула такі шок, што пасекла адзенне сякерай і спаліла яго.

Тамара Сялюн спрабавала дамагчыся справядлівасці праз беларускія суды і нацыянальныя органы, але безвынікова. Цяпер Камітэт ААН прызнаў парушэнне правоў маці пакаранага смерцю Паўла Селюна. КПЧ абавязаў беларускія ўлады забяспечыць жанчыне кампенсацыю за дапушчаныя парушэнні, апублікаваць інфармацыю пра месца пахавання яе сына і выдаць маці яго рэшткі.

Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» ўспамінае справу Паўла Селюна ды распавядае, якія правы маці расстралянага беларуса былі парушаны, а каардынатар кампаніі Андрэй Палуда тлумачыць, чым важна канкрэтна гэтае рашэнне для беларускага грамадства.

«Выбыў па прысудзе» менш як праз год пасля рашэння суда. Справа Паўла Селюна

 

Фота дакументаў Паўла Селюна

Фота дакументаў Паўла Селюна

12 чэрвеня 2013 года Гродзенскі абласны суд прызнаў 23-гадовага студэнта гістфака БДУ Паўла Селюна вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асобаў, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю; крадзеж; здзек з трупаў; крадзеж асабістых дакументаў. Да гэтага хлопец не меў судзімасцяў. Свае дзеянні ён растлумачыў рэўнасцю. Забітыя — ягоная жонка і ейны палюбоўнік, якіх ён заспеў у адной кватэры. Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі асудзіў Паўла да выключнай меры пакарання — расстрэлу. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.


Павел Сялюн быў асуджаны да смяротнага пакарання на падставе прызнавальных паказанняў, атрыманых пад прымусам. Смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне 17 красавіка 2014 года — менш як праз год. На наступны дзень адвакатцы, якая спрабавала наведаць Паўла ў турме, паведамілі, што ён «выбыў па прысудзе», аднак маме Паўла месяц не паведамлялі нават гэту інфармацыю.

16 траўня 2014 года Тамара Сялюн нарэшце атрымала ліст з Гродзенскага абласнога суда, у якім паведамлялася, што прысуд суда ў дачыненні да ейнага сына быў прыведзены ў выкананне. У лісце таксама адзначалася, што ў адпаведнасці з арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца.

Акрамя гэтага, Дэпартамент выканання пакаранняў даслаў маці расстралянага хлопца пасылку, у якой знаходзіліся турэмнае адзенне сына з надпісам «ИМН» (исключительная мера наказания) і абутак сына, які ён насіў падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў. Мама Паўла неаднаразова бачыла сына ў гэтым адзенні падчас асабістых спатканняў перад пакараннем.

Калі Тамара атрымала гэту пасылку, то адчула такі шок, што пасекла адзежу і абутак сякерай і спаліла іх непадалёк ад сваёй хаты.

 

Пасылка ад Дэпартамента выканання пакаранняў з турэмным адзеннем расстралянага сына — жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне. Зварот у Камітэт па правах чалавека

Жанчына звярталася ў Гродзенскі абласны суд з просьбай паведаміць ёй час смерці і месца пахавання яе сына, аднак атрымала адмову. Тамара Сялюн спрабавала абскардзіць гэту адмову ў розных судовых інстанцыях аж да Вярхоўнага суда, але безвынікова. Таксама прасіла прызнаць, што дзеянні Дэпартамента выканання пакаранняў былі незаконнымі і ўяўлялі сабой жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне: ведамства даслала ёй спецадзежу расстралянага сына. Але ў Беларусі гэта не прывяло да нейкага выніку: жанчыне або адмаўлялі, або ігнаравалі яе. Тады Тамара Сялюн з дапамогай каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН.

На думку маці Паўла Селюна, атрыманне праз пошту турэмнага адзення ейнага сына, а таксама адмова ў інфармацыі пра час яго смерці і месца пахавання, прычынілі і працягваюць прычыняць ёй душэўныя пакуты і псіхалагічнае напружанне. Яна мяркуе, што абстаноўка сакрэтнасці ў дачыненні да пакарання смерцю сына і адмова ў выдачы яго цела для пахавання раўнацэнныя запалохванню і пакаранню яго сям'і, бо сваякоў наўмысна пакідаюць у стане нявызначанасці, пакутаў і псіхалагічнага напружання, і такім чынам парушаюць яе правы не зазнаваць жорсткае абыходжанне паводле артыкула 7 Пакта.

Тамара Сялюн таксама сцвярджае, што адсутнасць якіх-небудзь эфектыўных сродкаў прававой абароны, якія дазваляюць ёй запытаць у нацыянальных судоў інфармацыю пра час выканання пакарання і месца пахавання яе сына, уяўляе сабою парушэнне права на справядлівы і адкрыты разгляд кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом (артыкул 14 (1) Пакта).


 

Што адказвалі беларускія ўлады Камітэту, калі той прасіў даць каментары па справе?

Беларускія ўлады парушэнняў правоў Тамары Сялюн прадказальна не ўбачылі. Сваё рашэнне яны аргументавалі тым, што суды адмаўлялі праз непадсуднасць справы ці таму што жанчына не змагла абгрунтаваць сваю скаргу.

У вербальнай ноце ад 27 снежня 2016 гады беларускі ўрад таксама адзначыў, што парадак прывядзення прысуду ў выкананне рэгулюецца артыкулам 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса і знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі органа, якому даручана выкананне смяротнага пакарання.

Паводле гэтай нормы, адміністрацыя ўстановы, у якой выконваецца смяротнае пакаранне, абавязана апавясціць пра выкананне прысуду суд, які пастанавіў яго, а суд паведамляе аднаму з блізкіх сваякоў. Цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца.

Улады адзначылі, што 8 траўня 2014 года Гродзенскі абласны суд праінфармаваў Тамару Сялюн аб пакаранні смерцю яе сына. Яны сцвярджалі, што ў адпаведнасці з артыкулам 18 Крымінальна-выканаўчага кодэкса суды ажыццяўляюць толькі нагляд за выкананнем прысудаў і не атрымліваюць інфармацыю пра месца пахавання. Таксама Вярхоўны суд не лічыць забарону, што тычыцца выдачы цела для пахавання ці разгалашэння інфармацыі пра час смяротнага пакарання і месца пахавання, парушэннем па сэнсе артыкула 7 Пакта.

 

Да якіх высноваў прыйшлі ў Камітэце?

Праз сем гадоў пасля падачы Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванне і прызнаў, што ў гэтай справе беларускія ўлады і суд сапраўды парушылі правы маці асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Селюна.

У выніку Камітэт па правах чалавека ў меркаванні адзначыў, што ў гэтым выпадку былі напраўду парушаны правы Тамары Сялюн, прадугледжаныя артыкуламі 7 і 14(1) Пакта.

Паводле пункта 3 а) артыкула 2 Пакта зараз Беларусь абавязана забяспечыць Тамару Сялюн эфектыўнымі сродкамі прававой абароны. Таксама зараз беларускія ўлады абавязаны забяспечыць аўтарцы адэкватную кампенсацыю за дапушчаныя парушэнні, апублікаваць інфармацыю пра месца пахавання яе сына і выдаць ёй рэшткі сына. Таксама Беларусь абавязана прыняць усе неабходныя меры дзеля прадухілення падобных парушэнняў у будучыні, у прыватнасці, шляхам унясення зменаў у Крымінальна-выканаўчы кодэкс з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі дзяржавы-ўдзельніцы паводле артыкула 7 Пакта.

 

«Сістэма смяротнага пакарання накіраваная менавіта на кару і на здзек», — праваабаронца

Інтарэсы ў КПЧ ААН прадстаўляў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання»:

«Шлях, які мы прайшлі разам з аўтаркай звароту Тамарай Мікалаеўнай Сялюн — ад першай скаргі на нацыянальным узроўні да рашэння Камітэта ААН па правах чалавека — заняў доўгія сем гадоў, але мы ні на хвіліну не сумняваліся, што гэты шлях таго варты.

Гэтае рашэнне прэцэдэнтнае, бо датычылася наступстваў прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў. Рашэнне пацвярджае тое, што сістэма выканання пакаранняў у канкрэтна ўзятым сегменце, звязаным са смяротным пакараннем, вельмі моцна ўплывае на сваякоў асуджаных, а дзяржава нічога не робіць, каб гэтую сістэму змяніць. І больш за тое, складаецца ўражанне, што спрыяе гэтаму, узмацняючы іх эмацыйныя пакуты. Чаго толькі вартая адмова аддаць сваякам асабістыя рэчы расстраляных, фатаграфіі, дзённікі, кнігі — але рассыланне ім «казённага» адзення, абутку, шапкі.

Сваім рашэннем аб прызнанні парушэнняў 7 і 14 (1) артыкулаў Пакта Камітэт пацвердзіў, што сістэма смяротнага пакарання накіраваная менавіта на кару і на здзек, яна бесчалавечная і ўплывае на вельмі шырокае кола людзей, не толькі сваякоў прысуджаных і расстраляных. Гэтая сістэма ўплывае на ўсё наша грамадства, на кожнага з нас».