У Беларусі расстралялі 23-гадовага студэнта-гісторыка

Летась у чэрвені Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.



975610907ria715.jpg

Фота — ria.ru

Гэта — забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзёж; здзек над трупамі; крадзёж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцяў. Свае дзеянні студэнт БДУ патлумачыў рэўнасцю — забітыя — ягоная жонка і яе каханак, якіх ён застаў у кватэры.

Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі прыгаварыў Паўла да выключнай меры пакарання — расстрэлу. Судовая калегія Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і вырашыла пакінуць прысуд у сіле. Пасля гэтага Павел звярнуўся з прашэннем аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Як піша сайт spring96.org, сёння маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананне.

Нагадаем, Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў зварот ад імя Паўла Селюна. Дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду гэтага звароту. Такім чынам, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы, мяркуюць праваабаронцы.  

sjaljun.jpg

euroradio.fm

Фота — spring96.org