У Беларусі новыя масавыя затрыманні — за каментары аб загінуўшым баранавіцкім міліцыянеры

На гэты момант вядома пра як мінімум пецярых затрыманых мужчын — у праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся «пакаяльныя відэа» з імі. Іх абвінавачваюць у абразе загінулага сілавіка.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


У сваіх тэлеграм-каналах сілавікі паведамляюць, што дзеянні затрыманых кваліфікуюцца па арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Пакаранне па ёй прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У роліку затрыманыя прызнаюцца ва "ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах" 2020 года, падпісцы на "экстрэмісцкія тэлеканалы", рэгістрацыі ў чат-боце "Перамога", а таксама «негатыўных каментарах» на адрас міліцыянтаў — у тым ліку пра загінулага супрацоўніка МУС, імя якога не называецца.

Нагадаем, 19 ліпеня стала вядома пра смерць падпалкоўніка Аляксея Гецьмана — начальнiка адзела аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі Баранавіцкага ГАУС. Ëн зламаў шыю, скочыўшы ў ваду, ляжаў паралізаваны і ў выніку памёр. Гецьман быў адным з галоўных выканаўцаў рэпрэсій у Баранавічах. Ён сам і ягоныя падначаленыя хлусілі ў судах, фабрыкавалі адміністрацыйныя і крымінальныя справы супраць жыхароў горада.
Раней у Беларусі праходзілі масавыя затрыманні за каментары пра загінулых сілавікоў. Напрыклад, па так званай «справе Зельцэра». У верасні 2021 года айцішнік Андрэй Зельцэр адкрыў агонь, калі сілавікі спрабавалі ўварвацца ў яго кватэру. Ён застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і быў забіты сам.
За каментары ў сацсетках па той справе КДБ затрымаў каля 200 чалавек. Ім выставілі абвінавачанні ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці». Тых, хто трапіў у жодзінскую турму, паўтара месяцы трымалі на «каранціне»: не прымалі перадачы і не пускалі адвакатаў.
Увесь гэты час людзі сядзелі ў тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.