17 траўня — Міжнародны дзень супраць гамафобіі

Міжнародны дзень супраць гамафобіі  International Day Against Homophobia (IDAHO) адзначаецца 17 траўня. У гэты дзень у 1990 годзе Генеральная асамблея Сусветнай арганізацыі аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасць са спісу псіхічных захворванняў.



activist_wiith_flag.jpg

Фота з сайта un.org

Ідэя правядзення падобнага дня была рэалізавана ў 2003 годзе ў франкамоўнай канадскай правінцыі Квебек: арганізацыя Fondation Émergence абвясціла адзін з чэрвеньскіх дзён Народным днём супраць гамафобіі. Услед за гэтым, у жніўні 2004 года, французскі ўніверсітэцкі лектар і актывіст кампаній за правы чарнаскурых, геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і транссэксуалаў Луі-Жорж Тэн выступіў з прапановай адзначаць аналагічны дзень у сусветным маштабе — для прыцягненне грамадскай увагі да геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і транссэксуалаў, асабліва ў тых краінах, дзе пытанні сэксуальнасці да гэтага часу лічацца табу, а сэксуальныя меншасці падвяргаюцца дыскрымінацыі. Тэн выказаў надзею, што гэты дзень дапаможа змяніць да лепшага жыццё тых людзей, якія ў гэтым больш за ўсё маюць патрэбу: «Мы хочам паказаць, што барацьба з гамафобіяй — гэта справа не толькі саміх геяў, лесбіянак і транссэксуалаў, гэтая барацьба — таксама справа ўладаў і воля ўсяго грамадства».

Для абвяшчэння Дня арганізацыйным камітэтам была апублікавана складзеная Луі-Жорж Тэнам петыцыя «За міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй», звернутая да ААН, урадаў і парламентаў усіх краін. Да 17 траўня 2005 года, пасля гадавой кампаніі, «апеляцыю IDAHO» падпісалі каля 24 тысяч чалавек з такіх арганізацый, як Міжнародная асацыяцыя лесбіянак і геяў (ILGA), Міжнародная камісія па правах геяў і лесбіянак (IGLHRC), Сусветны кангрэс ЛГБТ-іудэяў, Кааліцыя афрыканскіх лесбіянак і т. п.


У 2006 годзе ў Еўрапейскім парламенце адбыўся семінар па тэме міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй, на якім выступіў Луі-Жорж Тэн. Старшыня Еўрапарламента Жазэп Барэль зрабіў заяву аб прызнанні гэтага міжнароднага дня.
Асноўнымі мэтамі правядзення Дня названыя:


• процідзеянне любому фізічнаму, маральнаму і сімвалічнаму гвалту ў дачыненні да людзей з іншай сэксуальнай арыентацыяй або гендэрнай ідэнтыфікацыяй;


• падтрымка і каардынацыя ўсіх ініцыятыў па ўсім свеце, якія дапамагаюць усім грамадзянам дасягнуць роўных правоў;


• праява салідарнасці з усімі лесбіянкамі, геямі, бісэксуаламі і транссэксуаламі свету, у тым ліку там, дзе яны не маюць магчымасці выступаць за свае правы;


• правядзенне больш шырокай кампаніі па абароне правоў чалавека.
Прызнанне гэтага Дня ставіць пэўныя абавязацельствы перад міжнароднай супольнасцю, якая ўжо аб'ядналася ў барацьбе з многімі іншымі формамі дыскрымінацыі і сацыяльнага гвалту, але пакуль яшчэ ў большасці дзяржаў не аказала шырокай падтрымкі ў барацьбе за правы сэкс-меншасцяў.
У 2012 годзе ў Міжнародны дзень супраць гамафобіі вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй прыцягнула ўвагу да таго, што ў амаль 80 краінах свету існуюць законы, крыміналізуючыя паводзіны гомасэксуалістаў. «Калі я кажу пра гэтыя праблемы, некаторыя абвінавачваюць мяне ў тым, што я прасоўваю «новыя правы» або «спецыяльныя правы» для лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў. Але тут няма новага або асаблівага — гаворка ідзе пра права на жыццё, бяспеку чалавека і права на свабоду ад дыскрымінацыі», — заявіла спадарыня Пілэй і дадала, што гэтыя і іншыя правы з'яўляюцца ўніверсальнымі.

Галоўны праваабаронца падкрэсліла, што ў розных кутках свету асобы нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі падвяргаюцца ганенням, нападам, арыштам, катаванням і нават забойствам за іх любоўныя адносіны. Вярхоўны камісар сказала, што трэба змагацца з гвалтам і нянавісцю, а не з любоўю, і заклікала дзяржавы супрацьстаяць гамафобіі і адмяніць дыскрымінацыйныя законы.  

Міжнародны дзень супрацьстаяння гамафобіі афіцыйна прызнаны ў шэрагу краін — Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Люксембургу, Мексіцы, Бразіліі, Коста-Рыцы. Адной з асноўных ініцыятыў арганізатараў Дня з'яўляецца растлумачэнне мэтаў і прычын яго правядзення ў адукацыйных установах.


spring96.org