14-гадовая брэсцкая школьніца з'явілася на старонках VOGUE

Дзевяцікласніца з Брэста Кацярына Каштэльян не праходзіла пробаў і не ездзіла на кастынгі. Яе скаўт знайшоў у інтэрнэце. Спачатку Каця, якая ніколі не думала стаць мадэллю, вырашыла, што просьба выслаць фота без макіяжу — розыгрыш, але ў выніку трапіла ў мінскае мадэльнае агенцтва.

25_10.jpg


Паколькі агенцтва Сяргея Нагорнага супрацоўнічае з калегамі за мяжой, Кацярына Каштэльян атрымала шанец патрапіць на старонкі сусветна вядомых часопісаў, піша «Вячэрні Брэст». І лёс ўсміхнуўся ёй.
Японскае мадэльнае агенцтва зацікавілася Кацяй. Разам з яшчэ адной дзяўчынкай з Мінска брэстаўчанка 7 студзеня адправілася ў сваю першую замежную стажыроўку ў Токіо. На працягу двух месяцаў беларускі хадзілі на розныя кастынгі да дызайнераў адзення, фатографаў, рэдактараў часопісаў, якія выбіралі дзяўчат для фотасэсій або паказаў.
«Мадэляў ў Японіі вельмі шмат. Я там сустракала дзяўчат з Беларусі, Расіі, Украіны. Канкурэнцыя была вельмі вялікая», — кажа Каця.
І ўсё ж брэстаўчанка стала адной з дзяўчын, якую выбралі для здымак тайваньскага Vogue. Вынік працы ўжо выйшаў у свет у мінулым месяцы. У хуткім часе з'явяцца і іншыя фатаграфіі. Бо за гэтыя два месяцы ў Каці былі шматлікія здымкі для розных каталогаў, часопісаў, вэб-сайтаў.
Стажыроўка ў Японіі не адбілася на вучобе Каці, а вучыцца яна на «дзевяткі» і «дзясяткі».
«З Японіі я вярнулася 8 сакавіка — усяго за два тыдні да заканчэння трэцяй чвэрці. Аднак праблем па вучобе не ўзнікла. Я самастойна вывучала школьны матэрыял яшчэ ў Японіі. А па прыездзе здала ўсе неабходныя працы і кантрольныя. Настаўнікі ставяцца да мяне з разуменнем, так што ніякіх пытанняў і праблем не ўзнікла», — кажа юная мадэль.
Магчыма, калі-небудзь яна і папоўніць спіс вядомых ва ўсім свеце мадэляў з Беларусі, як Кацярына Даманькова, Жэня Катова, Сташа Ятчук.

25_1_1.jpg
25_2.jpg

Паводле www.camarade.biz