120 мільёнаў за адмову працаваць у вёсцы
Універсітэт культуры і мастацтваў спрабуе спагнаць з былой сваёй студэнткі з Магілёва Яны Аланіні больш за 120 мільёнаў рублёў за навучанне.
Бацькі Яны Аланіні
Па сканчэнні навучальнай установы дзяўчына атрымала размеркаванне ў Чавускі раён, але на месца працы не з’явілася.
Адміністрацыя ўніверсітэта звярнулася з пазовам у Ленінскі суд Магілёва, які прызнаў прэтэнзіі да Аланіні правамоцнымі. 20 лістапада абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу выпускніцы
ўніверсітэта і пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле.
Інтарэсы дзяўчыны прадстаўляе яе маці Ірына Крупіцкая. Паводле яе, калі дачка заканчвала ўніверсітэт, то мела дваіх непаўналетніх дзяцей. Гэтую акалічнасць не ўлічылі, размяркоўваючы яе на
працу, зазначае жанчына. Паводле заканадаўства, калі ёсць непаўналетнія дзеці, студэнту мусяць даць свабоднае размеркаванне альбо знайсці працу па месцы жыхарства. Суду спадарыня Крупіцкая даводзіла,
што ва ўніверсітэце дачку не дапускалі да здачы экзаменаў, пакуль не будзе дакумента аб знойдзеным месцы працы: казалі, што гэта звычайная фармальнасць.
Што размеркаванне адбылося — абсалютна няправільна. Яно было вымушаным. Яна не мела магчымасці паехаць туды на працу са сваімі двума дзецьмі. Альбо ёй трэба было кінуць дзяцей і
застацца адной, альбо застацца з дзецьмі і адпрацоўваць тут. Дзяржава не прыйшла на дапамогу свайму грамадзяніну», — каментуе судовыя пастановы Ірына Крупіцкая.
Ірына Крупіцкая адзначае, што гэты фактар стаў вызначальным у пытанні працаўладкавання дачкі:
«Мы не можам сваіх дзяцей падстаўляць пад рызыку захворвання. Акрамя таго, ёй не прапанавалі там ніякага жытла. У яе ж дзеці дашкольнага ўзросту. Ёй трэба было ездзіць туды. Аклад у яе
— 900 тысяч. Ён не даваў магчымасці на гэтыя грошы жыць. Нават у кодэксе адзначаецца, што размеркаванне — гэта добра для чалавека, гэта першае месца яго працы. То ў нашым выпадку
было парушэнне яе правоў як маці, як чалавека, як жонкі ўрэшце».
На аргументы абароны судовая калегія пярэчыла тым, што варта было звяртацца ва ўніверсітэт з заявай на пераразмеркаванне і абавязкова выйсці на працу, а выпускніца ўніверсітэта гэтага не
зрабіла. У адказ Ірына Крупіцкая казала, што скардзілася на размеркаванне ў Міністэрства адукацыі, культуры, Савет міністраў, аднак адказы прыходзілі як пад капірку. «Ніхто не хацеў бачыць,
што за праблемай стаіць лёс чалавека», — ледзь не плачучы, казала жанчына.
Ці ўлічвала адміністрацыя ВНУ пры размеркаванні ў чарнобыльскую зону тое, што Яна Аланіні мае двух малалетніх дзяцей?
Прадстаўнік юрыдычнага сектару ўніверсітэта Мікалай Чміль у размове з карэспандэнтам «Свабоды» паведаміў, што ўсё, маўляў, улічвалася:
«Адкуль вы ўзялі чарнобыльскую зону? Вазьміце закон, які адносіць пэўныя тэрыторыі да забруджаных, а так казаць агульна, што Магілёўская вобласць — забруджаная, дык хто так
робіць? Трэба ж ведаць: канкрэтнае месца, дзе яна працуе, — яно аднесенае законам да гэтых забруджаных ці не. Яе маці была на прыёме ў рэктара, усё ёй было патлумачана. З маральнага пункту
гледжання мы разумеем яе сітуацыю. Але ёсць закон, які мы не маем права абыходзіць. Якое будзе рашэнне суда, такому мы і падпарадкуемся».
Кажуць, што працягнуць дамагацца справядлівасці. Дзе цяпер дачка, яны не ведаюць, бо ў Сірыі вайна. Зазначаюць, што дачку муж не адпускае з дзецьмі, а яна рвецца на радзіму:
«Вядома ж, хоча. Вядуцца гутаркі з мужам. Цяпер мы не ведаем, дзе яна, як яна. Яны ўвесь час пераязджаюць. Але тут, як кажуць у народзе, нітка ідзе за іголкай. Гэта яе муж. Яе муж
ставіць такія ўмовы. Кажа: «Пакідай дзяцей тут, у Сірыі». Яна ж найперш думае пра дзяцей. Яна не думае пра Гарбавічы, а толькі пра дзяцей», — тлумачаць сітуацыю з
дачкой яе маці і бацька Аркадзь Крупіцкі.
Яна Аланіні скончыла ўніверсітэт у 2012 годзе. За час навучання была ў дэкрэтных адпачынках, а таксама па здароўі. Навучанне расцягнулася на дзесяць гадоў.
Калегія абласнога суда зрабіла для дзяўчыны палёгку, скасаваўшы 6 мільёнаў рублёў судовых выдаткаў.
svaboda.org