У інтэрнэце стартавала акцыя салідарнасці з Кірылам Сілівончыкам, асуджаным у Расіі за заклікі вярнуць Крым Украіне
У інтэрнэце стартавала акцыя салідарнасці з гамяльчанінам Кірылам Сілівончыкам, асуджаным у Расіі да двух гадоў калоніі-пасялення за заклікі вярнуць Крым Украіне.
Карыстальнікі сацыяльнай сеткі Twitter заклікаюць пісаць лісты падтрымкі Сілівончыку, які знаходзіцца ў СІЗА № 1 Ніжняга Ноўгарада. Прапануецца таксама накіроўваць запыты на электронны адрас беларускага МЗС з просьбай праясніць сітуацыю вакол асуджанага беларуса. У падтрымку Сілівончыка створаны хэштэг #freebelarusian, паведамляе БелаПАН.
Як паведамлялася раней, 22-гадовы гамяльчанін Кірыл Сілівончык, які працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе, быў прыгавораны Маскоўскім акруговым ваенным судом да двух гадоў калоніі-пасялення за заклікі вярнуць Крым Украіне.
На сваёй старонцы ў сацсетцы ён размяшчаў тэксты і малюнкі ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расійскай палітыкі. У прыватнасці, як заяўляе пракуратура, беларус заклікаў “вярнуць Крым Украіне”. Ён быў прызнаны вінаватым на падставе арт. 205.2 Крымінальнага кодэкса РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму). У Расіі справы паводле гэтага артыкула трапляюць пад юрысдыкцыю ваеннага суда, нават калі абвінавачаны — цывільная асоба.
Паводле слоў адваката Сілівончыка Юліі Баранец, яе падабаронны вырашыў не абскарджваць прыгавор. На наступным тыдні галоўнае ўпраўленне выканання пакаранняў павінна вызначыць, у якой калоніі-пасяленні Сілівончык будзе адбываць пакаранне.
Сілівончык — інвалід трэцяй групы з дзяцінства. Фармальна ў судзе беларус прызнаў сваю віну. Паводле слоў адваката, гэта дало магчымасць правядзення працэсу ў спрошчаным парадку і згодна з паскоранай працэдурай і, у сваю чаргу, прывяло да максімальна мяккага з магчымых прысудаў. Артыкул КК прадугледжвае тэрміны да пяці або сямі гадоў турмы. Як адзначыла адвакат, Сілівончык не мог разлічваць на ўмоўны тэрмін, бо не мае сталага месца жыхарства ў РФ.