У мінулым годзе Беларусь прадала 150 тон слімакоў і зарабіла больш за мільён долараў
У Беларусь афіцыйна заязджае нямала далікатэснай ежы, якая пасля сыходзіць на экспарт.
Нешта з гэтага ўжылі ў краіне, штосьці пайшло на расійскі рынак з этыкеткай Made in Belarus. Ёсць у пераліку беларускага экспарту адна цікавая пазіцыя — зусім не ўласцівыя для нашай кухні слімакі. Пра гэта піша канал @naszyhroszy.
За мінулы год у краіну завезлі амаль 560 кілаграм слімакоў з Італіі і Францыі на нязначную суму — крыху больш за $5 тысяч. Пры гэтым Беларусь паставіла на знешнія рынкі цэлых 150 тон слімакоў. Мяркуючы па ўсім, уся гэтая далікатэсная прадукцыя сапраўды вырабляецца ў нас і актыўна пастаўляецца на рынкі ў Венгрыю (40 тон), Румынію (40 тон), Францыю (70 тон). Сумарна ўсе гэтыя слімакі прынеслі $1 млн 130 тыс.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, слімаковы экспарт — адзін з самых ажыўленых сярод іншых далікатэсаў з малюскаў. Пры гэтым усяго малюскаў летась наша краіна купіла на $6,6 млн, а прадала $1,2 млн.