У мінскай школе запісалі, як настаўніца патрабуе грошы на падпіску (ВІДЭА)

У рэдакцыю «Свабоды» даслалі аўдыё, на якім чуваць, як з вучняў 180-й сярэдняй школы Мінску патрабуюць здаць грошы за падпіску на газету і часопіс. У размове з класам настаўніца пераходзіць на крык.


«Я што, сабе на помнік збіраю? Што, рубель восемдзесят такія вялікія грошы?» — падвышаным тонам звяртаецца да дзяцей настаўніца. І жаліцца, што за тых, хто адмаўляецца здаваць, яна будзе вымушана дакласці з уласнай кішэні — а ў яе, маўляў, і так ужо ўласная падпіска на «Настаўніцкую газету».

У маларазборлівай размове вучняў на заднім плане чуваць назва ведамаснага выдання Міністэрства па надзвычайных сітуацыях «Юный спасатель» — яно рэгулярна фігуруе ў скаргах бацькоў і дзяцей на прымусовую падпіску.

“Свабода” спытала ў дырэктаркі СШ № 180 Ірыны Даніловіч, ці ёсць у іх школе прымусовая падпіска на дзяржвыданні.

«У нас такога быць не можа, бо ўсе дзеці самі зацікаўленыя. Адназначна не», — адказала яна.

www.svaboda.org