У бюджэтнікаў прыкметна ўпалі заробкі. Іх абяцаюць падняць за кошт аптымізацыі колькасці работнікаў

Сярэдні заробак бюджэтнікаў у студзені ўпаў на 101 рубель у параўнанні са снежнем 2020-га — да 1099 рублёў, паведамляе Белстат. Гэта сумы да выплаты падаткаў — гэта значыць, на рукі атрымліваецца менш. Пры гэтым таксама рэальныя заробкі, якія разлічваюцца з папраўкай на рост цэн на тавары і паслугі, таксама ўпалі — больш чым на 9 рублёў. Нагадаем, асобным катэгорыям бюджэтнікаў у цяперашнюю пяцігодку абяцаюць падняць у 1,5-2 разы заробак. Але павышэнне зарплаты ў бюджэтнай сферы будзе забяспечвацца, сярод іншага, за кошт аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў.

101116_alexander_chuguev_vechernie_klassy_v_sredney_shkole_4_dsc_4303.jpg

Даныя аб сярэдняй зарплаце, нагадвае TUT.BY, публікуюцца да выліку падаходнага падатку (13%) і абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны (1% з заробкаў работнікаў). Гэта значыць, што сярэдняя зарплата бюджэтнікаў у студзені пасля ўсіх абавязковых вылікаў, склала каля 945 рублёў.

У ахове здароўя сярэдняя зарплата ў студзені ўпала на 46,4 рубля — да 1400 рублёў. У лекараў сярэдні заробак у студзені знізіўся на 47,4 рубля — да 2325 рублёў, а ў сярэдняга медперсаналу — на 21,7 рубля (да 1482 рублёў).

Сацработнікі ў студзені ў сярэднім зараблялі 806 рублёў — на 33 менш, чым у снежні.

У адукацыі сярэдняя студзеньская зарплата склала амаль 904 рублі. Гэта на 87 рублёў менш, чым месяцам раней. Да прыкладу, настаўнікі ў сярэднім у студзені зараблялі 1089 рублёў (мінус амаль 71 рубель да снежня). У выхавальнікаў сярэдняя зарплата ў студзені была на ўзроўні 837 рублёў.

Нагадаем, да канца 2020 года бюджэтнікам планавалі падняць зарплаты да 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. На гэты паказчык па выніках мінулага года ўдалося выйсці, суадносіны склалі 80,4% (за студзень-снежань мінулага года). Аднак тут ёсць нюанс: выйсці на гэты ўзровень шмат у чым атрымалася за кошт надбавак медыкам за барацьбу з каронавірусам.

Бюджэтнікам абяцаюць прыбаўку за кошт аптымізацыі колькасці

Асобным катэгорыям бюджэтнікаў у цяперашнюю пяцігодку— у 2021-2025 гадах — абяцаюць падняць у 1,5-2 разы зарплату. Гэта настаўнікі, выкладчыкі, лекары і сярэдні медперсанал, работнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання, культуры. Але павышэнне зарплаты ў бюджэтнай сферы будзе забяспечвацца, сярод іншага, за кошт аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў, што можа выклікаць дадатковае напружанне ў сферы, асабліва ў рэгіёнах, дзе праблематычна знайсці новае працоўнае месца. Іншыя магчымасці павелічэння заробкаў бюджэтнікаў, якія агучылі чыноўнікі, — паэтапнае павелічэнне базавай стаўкі і развіццё пазабюджэтнай дзейнасці.

Як змяніліся рэальныя заробкі

Рэальная зарплата, якая разлічваецца з папраўкай на інфляцыю, у студзені ўпала на 9,4% у параўнанні са снежнем.

У ахове здароўя рэальныя заробкі ў студзені знізіліся на 4,3% да ўзроўню снежня, у адукацыі — на 9,8%.

У цэлым па ўсіх сферах дзейнасці рэальныя студзеньскія заробкі ўпалі на 13,5%.

На якія заробкі шукаюць медыкаў і настаўнікаў

У агульнарэспубліканскім банку вакансій цяпер значыцца 2835 прапаноў для лекараў-спецыялістаў. 1266 прапаноў ад наймальнікаў з заробкам да 700 рублёў. Больш за 1000 рублёў абяцаюць па 655 вакансіях.

Як правіла, заробкі ў вакансіях паказваюць да выплаты падаткаў. Гэта значыць, на рукі атрымаецца менш.

Для настаўнікаў у банку размешчана 190 вакансій. Большасць з іх (127 прапаноў) — на заробак да 600 рублёў.