У Беларусі змяняецца цэнаўтварэнне на лекі. Ці стануць яны танней?

У Беларусі ўказам №383 ад 5 кастрычніка змяняецца парадак фарміравання цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку.

xxl_12.jpg


«Для павелічэння аб’ёмаў продажаў шматлікія вытворцы прадастаўляюць аптэчным сеткам фінансавыя і таварныя зніжкі, памер якіх у цяперашні час не ўлічваецца пры фарміраванні цаны. Пасля ўступлення змяненняў у сілу аптовыя і гандлёвыя надбаўкі будуць прымяняцца да адпускных цэн арганізацый-вытворцаў (кантрактных цэнаў імпарцёраў), паменшаным на велічыню такіх зніжак», — гаворыцца ў афіцыйным каментары да дакумента, перадае АФН.

Кажучы простымі словамі, цяпер аптэчныя сеткі не ўлічваюць «бонусы» ад вытворцы, калі фармуюць рознічныя цэны. Пасля ўвядзення ў дзеянне змяненняў, аптэкі будуць дадаваць аптовыя і рознічныя надбаўкі не да «рэгулярнай» цаны, а да цаны са зніжкай. Гэта, на думку чыноўнікаў, павінна знізіць цану лекаў — за кошт скарачэння даходаў аптэк.

Застаецца адкрытым пытанне, як павядуць сябе аптэчныя сеткі. З 1 студзеня гэтага года ў Беларусі паднялі ПДВ на лекі і медыцынскія вырабы, з-за чаго прыкметна выраслі рознічныя цэны. Пасля гэтага МАРГ і Міністэрства аховы здароўя «папрасілі» аптэкі знізіць аптовыя і гандлёвыя надбаўкі, гэта значыць — прымяняць не максімальныя магчымыя.

З-за цяперашніх новаўвядзенняў, якія зноў зніжаюць прыбытак аптэк, тыя, у сваю чаргу, могуць пачаць ігнараваць «просьбы» міністэрстваў, і прымяняць да лекаў максімальна магчымыя надбаўкі.

Адпаведна, рашэнне, якое планавалася прыняць для зніжэння коштаў на лекі, можа прывесці да росту гэтых коштаў.