Тавараабарот Беларусі з Венесуэлай знізіўся амаль у пяць разоў

Тавараабарот Беларусі з Венесуэлай у студзені—красавіку 2013 года склаў 52,3 млн. долараў і знізіўся амаль у пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць статыстычныя даныя. 
 



000013_870577.jpg

Беларускі экспарт у Венесуэлу склаў у студзені—красавіку 52,29 млн. долараў і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 6,8%. У той жа час імпарт з Венесуэлы рэзка знізіўся — з 192,9 млн. долараў у студзені—красавіку 2012-га да 13,1 тыс. долараў за аналагічны перыяд гэтага года. 


Значнае зніжэнне беларуска-венесуэльскага тавараабароту абумоўлена спыненнем паставак венесуэльскай нафты ў Беларусь. Так, калі ў студзені—красавіку 2012 года ў Беларусь было пастаўлена 196,2 тыс. тон венесуэльскай нафты на 188,9 млн. долараў, то сёлета такія пастаўкі не ажыццяўляліся. 


Беларускі экспарт у Венесуэлу прадстаўлены галоўным чынам калійнымі ўгнаеннямі (аб'ём паставак за студзень—красавік — 8,7 млн. долараў) і камплектуючымі для трактароў і аўтамабіляў (аб'ём экспарту — 17,6 млн. долараў). Нагадаем, што ў 2012 годзе ў Венесуэле завяршылася будаўніцтва завода па вытворчасці беларускіх трактароў і грузавых аўтамабіляў. 


На наступным тыдні Беларусь плануе наведаць новы прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. Падчас візіту ў Мінск венесуэльскі лідар плануе падпісаць двухбаковыя пагадненні па вытворчасці сельгастэхнікі, перадае лацінаамерыканскі канал Telesur. Наведаць Мінск Мадура плануе пасля таго, як завершыць удзел у саміце Форуму краін — экспарцёраў газу, які адбудзецца ў Маскве.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН