Што агульнага ў беларускага «Году якасці» і трагедыі ў Санкт-Пецярбургу?
Краіна паціху выходзіць з доўгіх выходных. Народ, азіраючыся вакол, хацеў бы бачыць добрыя навіны. Але, на жаль, нас мала хто парадаваў. Не радуе статыстыка ні ўнутры Беларусі ні навіны па-за ёй.
На гэтых самых выходных многія эксперты разважалі пра тое, што беларускі ўрад вырашыў рэгуляваць не толькі кошты на прылаўках крам, але і кошт вытворчасці тавараў на прадпрыемствах. У перакручанай эканамічнай логіцы беларускага ўрада гэты ход — лагічны. Пад такое рашэнне пэўнае абгрунтаванне падвёў Белстат. Аказваецца, кошты вытворцаў за мінулы красавік выраслі на ўсе тавары і паслугі.
«Індэкс цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі ў красавіку 2024 года ў параўнанні са снежнем 2023 года склаў 103,5%, з яго на інвестыцыйныя тавары — 102,3%, прамежкавыя тавары — 104,5%, спажывецкія тавары — 102%», — паведаміў Белстат.
Вырас на 2,8% ад снежня мінулага года індэкс цэн вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, у будаўніцтве (101,6%), тарыфы на перавозку грузаў усімі відамі транспарту (104,2%), і гэтак далей.
Увогуле пра гэта незалежныя эканамісты папярэджвалі даўным-даўно. Ва ўмовах «адкрытай эканомікі», калі большасць нашых вытворчасцяў залежыць ад імпарту (цэны на які наш урад рэгуляваць не ў стане) вытворчасць тавараў будзе даражэць, таму што ніхто не адмяняў сусветную інфляцыю. А ручное стрымліванне нашай унутранай інфляцыі (то-бок рэгуляванне коштаў) прывядзе да таго, што прадпрыемствы будуць як мінімум менш рэнтабельныя, а як максімум — збанкрутуюць. Бо выдаткі на вытворчасць растуць, а кошты на вырабленыя тавары стаяць на месцы.
І ўрад не прыдумаў нічога лепш, чым рэгуляваць кошты на вытворчасці. Вынік гэтага рашэння прадказальны і нават дзе-нідзе бачны ўжо цяпер: гэта поўная страта якасці прадукцыі. Бо якасць канчатковага прадукту залежыць ад якасці камплектуючых.
На гэтым тыдні ўсе расійскія СМІ пісалі пра аўтобус, які ў Піцеры зваліўся ў раку. Загінула сем чалавек. Прычына трагедыі, паводле папярэдніх звестак і апублікаваных відэа — тармазы, якія адмовілі. Пры гэтым сам аўтобус — газаматорны Volgabus-4298.G4 сярэдняга класа 2022 года выпуску.
Падумайце, як маглі адмовіць тармазы ў аўтобусе, які быў выраблены ўсяго два гады таму? Адказ просты — «імпартазамяшчэнне». Калі Расія ўварвалася ва Украіну, санкцыі «прыбралі» з расійскага рынку якасныя машыны і якасныя дэталі. Гэтыя якасныя дэталі «імпартазамясцілі», а ў выніку — трагедыя ў Піцеры.
Цяпер мы можам узгадаць, як у тым жа Піцеры гарэлі беларускія аўтобусы МАЗ. І добра, што тады абышлося без ахвяр.
Дарэчы, пра МАЗы і іх якасці на сёння. Паводле звестак «АСМ Холдынг» рэгістрацыі новых грузавых аўтамабіляў МАЗ у Расіі ў красавіку зменшыліся на 9,8% да 524 адзінак. За чатыры месяцы гэтага года было зарэгістравана 1878 машын мінскага завода, што на 6,1% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. За красавік у РФ былі зарэгістраваныя 46 новых аўтобусаў МАЗ, што на 11,5% менш, чым летась. Па выніках студзеня-красавіка продажы беларускіх аўтобусаў упалі на 25,7% да 272 адзінак. А яшчэ сёлета ў РФ было прададзена 363 электробусы, з якіх на долю «Белкамунмаша» прыйшліся ўсяго 11 штук.
Наўрад ці варта выключаць, што скарачэнне продажаў нашай тэхнікі ў Расіі (а гэтыя продажы падаюць няўхільна ад часу ўвядзення супраць Беларусі санкцый) звязанае з нізкай якасцю нашай тэхнікі. Нават санкцыі супраць Расіі і дэфіцыт машын у РФ не дазволіў нашым прадпрыемствам нарасціць продажы. І справа не ў «прыязных» кітайскіх вытворцаў, якія адціскаюць у нас рынак. Справа ў санкцыях. Праз санкцыі мы ўвялі «імпартазамяшчэнне», «імпартазамяшчэнне» негатыўна ўплывае на якасць, а якасць, як выявілася, — гэта бяспека людзей. Вось і адмаўляюцца ў Расіі ад нашай небяспечнай тэхнікі на карысць тых жа «кітайцаў».
А цяпер урад, рэгулюючы кошты на нашых вытворчасцях, забівае яшчэ адзін цвік у труну і без таго не вельмі здаровай прамысловасці. Бо ва ўрадзе ж будуць патрабаваць «зніжэння выдаткаў», што немагчыма з-за падаражэння імпартных кампанентаў. У выніку — больш «імпартазамяшчэння», горшая якасць, менш продажы і менш грошай.
Кампенсаваць рост коштаў на больш якасны імпарт нам, па сутнасці, няма чым. Так, дапамагае нам Расія, але і ёй гэта рабіць усё цяжэй. Паводле вынікаў чатырох месяцаў у бюджэце Расіі намалявалася «дзірка» аб'ёмам паўтары трыльёны расійскіх рублёў. Гэта, канешне, у два разы менш, чым дэфіцыт за чатыры месяцы мінулага года, але ўсё роўна дэфіцыт вялікі. Для параўнання — гэта прыкладна чвэрць гадавога ВУП Беларусі. Гэта значыць, усё, што мы зрабілі (нават не прадалі, а проста вырабілі) за тры месяцы года, цалкам месціцца ў дэфіцыт расійскага бюджэту.
І аптымізму не прадбачыцца. У Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўнесеная новая версія Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі. Як паведамляецца, адна з практычных мэтаў гэтага дакумента — пашырыць пералік беларускіх уладаў, у дачыненні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі ЗША, за межы вышэйшага кіраўніцтва краіны і службаў бяспекі, уключыўшы ў яго асоб, непасрэдна адказных за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, супрацоўніцтва з Расіяй у несправакаваным уварванні ва Украіну і расійскую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі.
Таксама дзяржсакратару ЗША будзе даручана прадставіць Кангрэсу справаздачу аб злачынствах рэжыму ў рамках падтрымкі расійскай агрэсіі.
Гэта значыць, санкцыі будуць узмацняцца. «Імпартазамяшчэнне» — расці. Якасць беларускай прадукцыі — зніжацца. А тут яшчэ і ўрад са сваёй ініцыятывай. І ўсё гэта — у той самы абвешчаны «Год якасці». Цікава, праўда?