«Пайшлі па далёкай дузе». Як беларускія экспарцёры губляюць расійскі рынак

Экспансія беларускіх тавараў на «брацкі» расійскі рынак не задалася. Асабліва крыўдныя для Лукашэнкі правалы ў спрадвечна беларускіх сегментах — трактары, грузавікі, лядоўні. Апошнімі заняліся на вышэйшым узроўні яшчэ ў сакавіку, прызначыўшы новага дырэктара. Свежыя даныя расійскага рытэйла паказваюць, што праблема сапраўды ў наяўнасці, піша выданне planbmedia.io.

Фота atlantshop.by

Фота atlantshop.by

«Атлант» не вытрымаў

Аб'ёмы экспарту завода «Атлант» упалі ў два разы. «Мы губляем рынак. Чаму?» — спытаў Лукашэнка, прызначаючы дырэктарам праблемнага флагмана Дзмітрыя Харытончыка.

Лукашэнка запатрабаваў вывесці паказчыкі «Атланта» на «годны ўзровень». «Нам трэба гэта прадпрыемства зрабіць сапраўдным прадпрыемствам», — вельмі канкрэтна настаўляў ён дырэктара.

Праблемы, як высветлілася, усяго дзве: цана і якасць. Ды яшчэ запасы складоў, якія ў пачатку года выраслі, нягледзячы на зніжэнне вытворчасці на 20 працэнтаў.

Расійскі «Камерсант» раскрыў дэталі бітвы за расійскі рынак бытавой тэхнікі. Калі коратка: кітайскія і турэцкія вендары выцясняюць астатніх гульцоў.

У першым квартале 2024 года рынак халадзільнікаў рос слаба. Продажы павялічыліся на 2,7%, да 683 тысяч штук. У грошах рост быў больш прыкметным: на 12% да 27,5 млрд расійскіх рублёў.

У натуральным выражэнні, паводле даных выдання, лідзіруе кітайскі Haier з доляй 19% (рост на 3 працэнтныя пункты). Далей ідуць брэнды Indesit (12%), Beko (7%), якія належаць турэцкай Arcelik.  Доля нашага «Атланта» знізілася да 5% з 6% у мінулым годзе.

Продажы пральных машын у Расіі ў першым квартале выраслі на 13% да 959 тысяч штук, і на 12% у грошах (да 29,4 млрд расійскіх рублёў). Лідар тут той жа — Haier з 19% рынку, Candy, якая ўваходзіць у Haier group, — 13%, у Indesit 12%, Beko — 11%. Вырасла нават паўднёвакарэйская LG, якая закрыла вытворчасць у Падмаскоўі і сышла з рынку Расіі — амаль удвая, да 8% рынку ў штуках.

Крыніцы «Коммерсанта» паведамляюць, што расійская LG у канцы 2023 года часткова аднавіла вытворчасць бытавой тэхнікі і пачала яе пастаўляць у Беларусь, адкуль электроніка рээкспартавалася ў Расію.

Пралкі «Атлант» у першую пяцёрку не патрапілі зусім.


Глядзіце таксама

І не толькі «Атлант»

Тое, што адбываецца з продажамі завода «Атлант» — адлюстраванне праблем усяго беларускага знешняга гандлю. Таму што агульныя паказчыкі беларускага экспарту таксама не радуюць. За тры месяцы экспарт вырас на 1,05 працэнта. І гэта ў сем з паловай разоў менш, чым урад разлічваў. Таму што расійскі рынак беларускія тавары губляюць, а знайсці новыя ў іх не вельмі атрымліваецца.

Беларускі экспарт у краіны СНД, гэта значыць, у асноўным у Расію, скараціўся на 0,8 працэнта. Не толькі халадзільнікі. У Расіі падаюць продажы беларускіх грузавікоў, аўтобусаў і трактароў.

Яшчэ па выніках двух месяцаў рост экспарту складаў 1,5 працэнта. Гэта, вядома, нашмат менш, чым хацеў ад экспарту ўрад, але хаця б нешта. Які-ніякі рост.

Але беларускі знешні гандаль губляе інерцыю разгону, які ён набраў летась. І цяпер гаворка ідзе ўжо не пра зніжэнне тэмпаў росту, а пра зніжэнне самога экспарту.

З сакавіка продажы беларускіх тавараў пачалі скарачацца. Калі лічыць сакавік асобна, то беларускі экспарт за гэты месяц зменшыўся на 1,5 працэнта. У выніку дэфіцыт у гандлі таварамі за сакавік склаў рэкордныя 458 мільёнаў долараў. А дэфіцыт за тры месяцы — 930 мільёнаў. На чвэрць больш, чым год таму. Хоць ужо год таму дэфіцыт лічыўся даволі вялікім.

Каб кампенсаваць страту расійскага рынку, беларускія ўлады вырашылі пайсці па далёкай дузе. Але пакуль паход на далёкую дугу не прынёс прыкметных поспехаў. Урад пахваліўся, што па выніках візіту прэм'ера Галоўчанкі ў Егіпет былі падпісаныя кантракты на 12 мільёнаў долараў. Кропля, якая растворыцца ў моры беларускага экспарту, не пакінуўшы ў ім прыкметных слядоў.

Губляючы знешнія рынкі, ураду застаецца спадзявацца толькі на ўнутраны. Каб выканаць планы свайго эканамічнага росту, даводзіцца стымуляваць спажывецкі попыт таннымі грашыма. А гэта дарога, па якой беларуская эканоміка ўжо не раз хадзіла і набіла сабе на ёй шмат гузоў.