S&P пацвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні В з негатыўным прагнозам
Рэйтынгавае агенцтва «Standard&Poor’s» пацвердзіла суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні В з негатыўным прагнозам. Такі рэйтынг пацверджаны па доўгатэрміновых і кароткатэрміновых абавязацельствах у нацыянальнай і замежнай валютах.
Агенцтва адзначыла ўмераны ўзровень дзяржаўнай запазычанасці, захаванне гнуткага курсу рубля і наяўнасць фінансавай падтрымкі з боку Расіі, паведамляе REFORM.by.
У публікацыі агенцтва таксама гаворыцца, што палітычная нявызначанасць працягвае захоўвацца пасля прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на спад пратэстаў, палітычны крызіс захоўваецца.
Агенцтва прагназуе рост беларускай эканомікі ў 2021 годзе на 0,5%.
Аналітыкі папярэджваюць, што санкцыі ЕС, нявызначаныя эканамічныя перспектывы, пандэмія каронавіруса могуць негатыўна адбіцца на доступе Беларусі да замежных рынкаў капіталу ў бліжэйшы час.