Работнікам Аршанскага мясакамбіната выдаюць зарплату купонамі на прадукты
У рэдакцыю TUT.BY звярнулася працаўніца Аршанскага мясакансервавага камбіната. Яна распавяла, што на прадпрыемстве заробак часткова выдаюць купонамі ў мясцовую краму. «Начальнік аддзела прыходзіць з ведамасцю, распісваешся і забіраеш свае талоны», — тлумачыць жанчына.
Супрацоўніца мясакамбіната (імя не называецца па просьбе гераіні) распавядае, што схема выдачы сертыфікатаў «добраахвотна-прымусовая». Яны належаць усім работнікам прадпрыемства, акрамя кіраўнікоў, колькасць купонаў залежыць ад памеру зарплаты.
— Начальнік аддзела прыходзіць з ведамасцю, распісваешся і забіраеш свае талоны. Звычайна ў мяне заробак каля 500 рублёў на рукі, у мінулым месяцы былі вялікія прэміяльныя, атрымалася 750 рублёў. Ад гэтай сумы вылічылі 15 адсоткаў, гэта значыць 85 рублёў.
Аналагічныя сітуацыі на прадпрыемстве былі ўжо раней, адзначае жанчына. Паводле яе слоў, талоны выдаюць не кожны месяц, але «перыядычна яны з'яўляюцца».
— Карткі-сертыфікаты ў другі раз атрымліваем, а да гэтага нам раздрукоўвалі ліст паперы, на якім ставілі пячаткі. Мы ішлі ў краму, набіралі прадуктаў, прадаўцы вялі улік прададзеных тавараў у сваіх журналах, а талоны аддавалі ўжо ў канцы месяца.
Жанчына таксама прыклала фатаграфію гэтых купонаў — на чырвоных сертыфікатах паказана, што іх уладальнік можа адначасова набыць тавар на 5 рублёў у крамах «Гандлёвы дом «Орыс». Гэтай гандлёвай сеткцы належаць некалькі крам, і там прадаецца не толькі прадукцыя мясакамбіната. Аднак, па словах работніцы, кошт астатніх прадуктаў не заўсёды самы выгадны.
— Тут усё прадаецца з гандлёвай надбаўкай, і калі кошты маніторыць, то некаторыя тавары выходзяць даражэй, чым у іншай краме.
Паводле яе слоў, людзі, якія працуюць на мясакамбінаце, таксама могуць атрымліваць свежыя мясапрадукты ў кошт зарплаты. Аднак гэтая сістэма ўжо добраахвотная — тавары прадаюцца без гандлёвай нацэнкі, таму некаторыя работнікі карыстаюцца выгаднай прапановай.
Кіраўніцтва прадпрыемства каментаваць сітуацыю адмовілася. Першы намеснік дырэктара мясакамбіната Аляксандр Талстуха толькі адзначыў:
— Усё вельмі звязана з частай зменай кіраўніцтва на прадпрыемстве. Тут выказана незадаволенасць агульная, напружанасць ёсць у калектыве. Але гэта, напэўна, бывае такое.
Паодле агульнага правіла наймальнік абавязаны выплачваць заработную плату супрацоўнікам у беларускіх рублях. Замена грашовай аплаты цалкам або часткова натуральнай аплатай (напрыклад, прадукцыяй уласнай вытворчасці кампаніі) дапускаецца толькі са згоды работніка.
Прапанова наймальніка аб выдачы зарплаты ў натуральнай або змяшанай (натуральнай і грашовай) форме можа быць як вуснай, так і пісьмовай. А вось згоду работніка на атрыманне зарплаты ў такой форме наймальніку мэтазгодна атрымаць у пісьмовай форме — у пазбяганне канфліктных сітуацый у будучыні.
Таксама ўрадам зацверджаны пералік тавараў, якімі не можа выплачвацца зарплата ў натуральнай форме. Да іх у тым ліку адносяцца алкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы і лекі.
TUT.BY