Прадпрымальнікі Гродна: «Выходзім на працу, але ў нас ніхто нічога не купляе...»
Гродзенскія прадпрымальнікі сцвярджаюць, што чарговы скачок валюты прывёў практычна да калапсу іхняга бізнесу. Многія папросту не ведаюць, што рабіць далей.
Рынкі Гродна ўжо даўно выглядаюць панурымі, ранейшай вясёлай атмасферы няма. Сюды цяпер ходзіць значна меней людзей. Прадпрымальнікі, як самі жартуюць, маюць час, каб абгаварыць усе навіны.
Вось прадпрымальніцы на рынку «Цэнтральны» сядзяць без працы побач з гандлёвымі радамі, пакупнікоў практычна няма. Цікаўлюся ў іх — як ацэньваюць сітуацыю з курсамі валютаў і якім чынам рэагуюць на рост долара?
Старэйшая спадарыня з сумам распавядае, што цяпер дзеецца на рынку:
— Пакуль мы наагул не ведаем, што рабіць. Выходзім на працу, але ў нас ніхто нічога не купляе. Мы і цэны не падымалі, долар проста ў адзін момант пачаў лезці ўгару, і што тут на колькі падымаць... Мы папросту ў разгубленасці, вялікай разгубленасці. Бізнес хутка скончыцца...
На гродзенскім рынку «Цэнтральны»
Яшчэ адна прадпрымальніца перадпенсійнага веку таксама эмацыйна кажа, што долар вырас, а цэны на рынку ніхто не можа падняць, бо і так ніякіх продажаў няма.
— Усё абясцэньваецца, не ведаем, як тут далей працаваць. А калі цэны падняць, зусім ніхто нічога не купіць. Ну што, толькі закрывацца...
Да нас далучаецца мужчына сярэдняга веку. Кажа, што раней спадзяваліся на тое, што скончацца выбары, і нешта больш-менш стане зразумелым. Але цяпер пабачылі, што і пасля выбараў наперадзе невядомасць.
— Ва ўсіх шок, каб такое магло здарыцца перад выбарамі Усе думалі — 15–16 тысяч, а тут у адзін дзень — і 18 тысяч, і гэта відавочна не канец. А што чалавек цяпер на свой заробак, акрамя харчоў, можа купіць? У нас не тое што паніка — у нас калапс. Я нават не ведаю, ці буду на верасень плаціць падаткі, бо ўсё гэта плаціцца наперад. А мы ж можам так нічога і не зарабіць, бо сёння 18 тысяч за долар, а заўтра 20 і болей...
Яшчэ адна спадарыня перадпенсійнага веку заўважае, што прадпрымальнікі ўжо ніяк не могуць рэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне.
На гродзенскім рынку «Цэнтральны»
— Каму тут пайсці што сказаць? Некалі ўжо хадзілі, то ў парку раскаталі трактарамі. Дый каму хочацца сядаць у вязніцу, і каб яшчэ тваіх родных прыцягнулі за гэта? І так пад каўпаком жывем. Трэба неяк гуртавацца, а па адным нас тут усіх перадушаць. Народ беларускі не падымеш, гэта не Ўкраіна. Дый ня дай Бог такое, як ва Украіне робіцца. Лепей ужо есці бульбу з кефірам. Мы самі нічога не зменім, а лідараў няма, іх адразу садзяць...
Яшчэ адзін прадпрымальнік ужо без эмоцыяў кажа, што з скачком валюты ўрад пазбавіў людзей магчымасці набываць дабраякасны тавар, а прадпрымальнікаў — такі тавар прадаваць.
— Мы перабудоўваемся ў такой сітуацыі адразу і пачынаем вазіць танны недабраякасны тавар. І няхай цяпер аналітыкі, якія сядзяць ва ўрадзе, ацэньваюць сітуацыю. Тое самае адбываецца ў дзяржаўнай сферы.