Мінск і Масква ўрэгулявалі «дарожную мапу» па аднаўленні транзіту нафты
Беларусь узгадніла праект «дарожнай мапы» па аднаўленні транзіту нафты з РФ у напрамку Еўропы, дакумент накіраваны ў Маскву, заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка. Паведамляе Белсат.
«Пасля перамоваў паміж мной і расійскім віцэ-прэмʼерам Дзмітрыем Козакам, якія адбыліся 16 траўня ў Маскве, у адпаведнасці з нашымі дамоўленасцямі група беларускіх і расійскіх адмыслоўцаў абмеркавала і падрыхтавала праект «дарожнай мапы» мерапрыемстваў па замяшчэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь расійскай нафты неналежнай якасці», – сказаў Ігар Ляшэнка.
Паводле словаў беларускага віцэ-прэмʼера, разумеючы важнасць гэтага дакументу і неабходнасць яго строгага выканання ўсімі бакамі, ён прапанаваў ухваліць «дарожную мапу» на ўзроўні віцэ-прэмʼераў дзвюх дзяржаваў.
«Са свайго боку мы ўзгаднілі праект «дарожнай мапы» і накіравалі для падпісання Дзмітрыю Козаку», – паведаміў Ляшэнка.
Віцэ-прэмʼер таксама растлумачыў, што рэалізацыя мерапрыемстваў, якія ёсць у «дарожнай мапе», прадугледжвае забеспячэнне сыравінай беларускія НПЗ і аднаўленне транзіту расійскай нафты еўрапейскім дзяржавам.
«Пры гэтым падкрэслю, што беларускі бок ужо прыступіў да выканання першапачатковых крокаў «дарожнай мапы», – сказаў ён.
Акрамя таго, Ляшэнка паведаміў, што Мінск яшчэ раз праінфармаваў расійскіх калегаў, што беларускі бок гатовы прымаць для перапрацоўкі ў ААТ «Нафтан» большы, чым цяпер, абʼём расійскай нафты, якая пастаўляецца па маршруце Невель – Полацк – ААТ «Нафтан», і прапаноўвае ў максімальна кароткія тэрміны павялічыць абʼём яе пастаўкі, ня ўвязваючы гэты крок з выкананнем іншых мерапрыемстваў.
Канцэрн «Белнафтахім» праінфармаваў, што па стане на 17 траўня 2019 года ААТ «Гомельтранснефть Дружба» (беларускі аператар нафтаправода «Дружба») забяспечвае прапампоўванне якаснай нафты для ААТ «Мазырскі НПЗ» (Гомельская вобласць) у абʼёме, які патрабуецца для яго поўнай вытворчай загрузкі.
Другі беларускі НПЗ – ААТ «Нафтан» (Наваполацк, Віцебская вобласць) працуе на зніжанай загрузцы з-за недастатковага абʼёму чыстай нафты, якая паступае па нафтаправодзе «Сургут – Полацк». У канцэрне адзначаюць, што трубаправод Унеча – Полацк, па якім на «Нафтан» раней пастаўлялася сыравіна, запоўнены «бруднай» нафтай і прастойвае.
Канцэрн «Белнафтахім» 19 красавіка паведаміў пра паступленне па нафтаправодзе «Дружба» нафты з павышаным утрыманнем хлорарганікі. Пастаўкі кандыцыйнай нафты ў Беларусь аднавіліся 4 траўня.