Ліквідуецца кампанія «Релсофт», якую заснаваў Юрый Зісер
Заснаваная ў 2007 годзе Юрыем Зісерам аўтсорсінгавая кампанія «Релсофт» ліквідуецца.
Адпаведную інфармацыю, якая з'явілася ў адзіным дзяржрэгістратары, заўважыў Dev.by. Згодна з выпіскай з ЕГР, працэдуру ліквідацыі запусцілі 22 чэрвеня, а рашэнне аб ліквідацыі прыняў уласнік «Релсофт» Яўгенія Чарняўская — дачка Юрыя Зісера, якой належыць 100% долі кампаніі.
Яўгенія пацвердзіла інфармацыю парталу, паведаміўшы, што рашэнне прынята ў сувязі з фактычнай немагчымасцю кампаніі ажыццяўляць гаспадарчую дзейнасць. Паводле яе слоў, дырэктар «Релсофт» знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні у сувязі са справай «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».
«Релсофт» была ўтворана ў 2007 годзе на аснове існуючага з 1992 года дэпартамента распрацоўкі праграмнага забеспячэння УП «Надзейныя праграмы». Галоўным заказчыкам «Релсофт» была нью-ёркская кампанія «Instant Information Inc.», якая займалася распрацоўкай тэхналогій апрацоўкі даных для Wall Street. Софт «Релсофт» у свой час выкарыстаў TUT.BY. Пра гэта ў каментары dev.by раней згадваў сузаснавальнік TUT.BY Кірыл Валошын.
У чэрвені 2007 года «Релсофт» стала рэзідэнтам ПВТ, але ў абноўленым спісе рэзідэнтаў яе ўжо няма. Паводле слоў Яўгеніі, кампанію і асабіста яе ніхто не паведамляў аб выключэнні з ПВТ, пра гэта яна даведалася ад dev.by.