Беларусы масава скупляюць іншамаркі ў Расіі

Апошнім часам у інтэрнэце з'явілася поўна аб'яў накшталт «Прывязём аўто з Расіі, гарантыя афіцыйнага дылера». На сайтах з прыватнымі аб'явамі, дзе ў асноўным гандлююць ужыванымі аўто, з'яўляюцца аўтамабілі з расійскімі нумарамі і прыпіскі «прывязу любое аўто пад заказ».



autasalon.jpg

Кажуць, такая купля выгадная. Бо ў Расіі той жа ПДВ складае 18%, а ў нас — 20%. Акрамя таго, са слоў беларускіх аўтасалонаў, у суседзяў ніжэйшы ўтылізацыйны збор, які ў нашым выпадку закладваецца ў кошт пакупкі. Дадайце да гэтага дэвальвацыю расійскага рубля...
Заходзім на сайты беларускіх і расійскіх аўтадылераў. Параўноўваем кошты. Па самых бюджэтных мадэлях у базавай камплектацыі розніца складае 2 - 5 тысяч даляраў. Напрыклад, «Рэно Логан» расійскай зборкі ў Мінску каштуе ад 12 тысяч долараў, а ў Маскве — ад 7,8 тысячы. Выгада відавочная нават з улікам дарогі.
— Беларускіх пакупнікоў стала больш, — распавялі ў аддзеле продажаў маскоўскага аўтасалона, які спецыялізуецца на продажах аўтамабіляў «Мазда». — Яшчэ летам мы прадавалі беларусам да сямі аўто ў месяц, а цяпер — да 25. Гэта прыкладна чвэрць ад агульных продажаў. Бяруць ўвесь мадэльны шэраг, нават дарагія асобнікі.
У аўтасалоне «Форд» распавялі, што масавы паток беларусаў за аўтамабілямі пачаўся каля двух тыдняў таму.
— Раней у нас за месяц аўтамабіль купляў, напрыклад, адзін кліент з Беларусі, а цяпер ужо прадалі 10 штук. Лічыце, струмень кліентаў ад вас павялічыўся ў 10 разоў! Адзінае, у нас ёсць абмежаванне. Так, прадстаўніцтва «Форд» у Расіі забараняе прадаваць аўтамабілі грамадзянам замежных дзяржаў. Таму пры куплі беларусы пішуць заяву, што аўтамабіль стане на ўлік і будзе эксплуатавацца толькі на тэрыторыі РФ.
— То бок беларусы ставяць на вашы аўтамабілі расійскія нумары?
— Гэта заява фактычна з'яўляецца парадай. Гэта значыць, вы едзеце ў Беларусь на нашым аўто і ставіце яго на ўлік ужо ў сваёй краіне. Хіба што ПДВ вы не зможаце вярнуць. Але нават з гэтай умовай, наколькі мне распавядалі кліенты, у Расіі аўтамабілі больш танныя, чым у вас, — сказалі ў салоне.

Не ўсе новыя аўто з Расіі будуць абслугоўваць беларускія аўтасалоны


Купляючы аўтамабіль у беларускім аўтасалоне, вы атрымліваеце тры гады сэрвіснага абслугоўвання ў афіцыйнага дылера. Такі ж сэрвіс вы атрымаеце і ў выпадку куплі аўто ў РФ, але не заўсёды. Па-першае, трэба купіць аўто толькі ў афіцыйнага дылера. Для гэтага трэба знайсці прадстаўніцтва канкрэтнай маркі аўтамабіля ў Расіі. Як правіла, на сайтах кампаній размешчана інфармацыя з адрасамі аўтасалонаў, якія з'яўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі. Па-другое, удакладніце ў беларускім салоне, ці прымуць яны на абслугоўванне набыты ў Расіі аўтамабіль. Так, да прыкладу, аўто маркі «Кіа» і «Хендэ» (апошні мае права прайсці ТА, але не атрымае гарантыю) абслугоўваюцца толькі ў РФ. А прадстаўнік «Мазды» ў Беларусі патрабуе сэрвісную кніжку, выдадзеную ў папяровым выглядзе і правільна (!) запоўненую. Гэтыя нюансы могуць папросту з'есці ўсю выгаду ад куплі аўто ў суседняй краіне.

Колькі возьмуць перакупы?


Для перавозчыкаў, якія да ўвядзення мытных пошлін актыўна вазілі аўто з Еўропы, падобна, надышла зорная гадзіна. Зараз яны масава пераключыліся на паслугі «прывязем новае аўто з Расіі». У сярэднім за гэтую паслугу з вас возьмуць зверху 400 - 500 долараў за машыну плюс афіцыйны кошт аўтасалона. Але некаторыя усталёўваюць сваю маржу і ў працэнтах — каля 2 - 3% ад кошту аўтамабіля.

kp.by