Адно з самых паспяховых прадпрыемстваў Гомельшчыны — банкрут. Таму што скончылася дзяржпраграма
Распачатая працэдура банкруцтва ў дачыненні да аднаго з самых паспяховых прадпрыемстваў Гомельшчыны, паведамляе "Флагшток".
29 траўня 2020 года на пазачарговым агульным сходзе акцыянераў ААТ "Гомельагракамплект" была прынятая пастанова аб пачатку працэдуры банкруцтва. Падставай прынятага рашэння паслужыла неплацежаздольнасць прадпрыемства, якая мае ўстойлівы характар і не дазваляе прадпрыемству выканаць свае абавязацельствы перад крэдыторамі ў поўным аб'ёме.
Размяшчаецца ААТ "Гомельагракамплект" у аграгарадку Яроміна Гомельскага раёна. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў прадпрыемства па выніках мінулага года склала 338 чалавек. Асноўным відам дзейнасці з'яўляецца вытворчасць даільнага абсталявання.
У 2010-2012 гадах акцыі ААТ «Гомельагракамплект " лічыліся адным з найбольш выгадных укладанняў чэкавай прыватызацыі. Калі супаставіць дывідэнды, выплачаныя прадпрыемствам у разліку на 1 чэк у 2010-2012 гадах з намінальным коштам ІПЧ "Маёмасць" , то гадавая даходнасць акцый ААТ "Гомельагракамплект" даходзіла да 27%, што было значна вышэй, чым працэнты па банкаўскіх укладах. Прычынай такой паспяховай дзейнасці прадпрыемства лічыўся факт удзелу ў рэалізацыі "рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны ў 2010-2015 гадах".
Са сканчэннем дзеяння дзяржпраграмы скончыліся і слаўныя часы ААТ "Гомельагракамплект". З пераліку самых прыбытковых акцыянерных таварыстваў Гомельскай вобласці прадпрыемства плаўна перавандравала ў спіс самых стратных. Да канца мінулага года абавязацельствы прадпрыемства ўжо ў 35 разоў перавысілі кошт уласных сродкаў арганізацыі.