70 беларускіх кампаній падпісалі з урадам Літвы дамовы на рэлакацыю
Літва паступова здымае каранцінныя абмежаванні, што паспрыяе прытоку капіталу з Беларусі — усё больш суб’ектаў гаспадарання заяўляе пра перавод дзейнасці ў суседнюю краіну.
Пра гэта на пасяджэнні парламенцкага камітэта па сацыяльных пытаннях заявіла віцэ-міністр эканомікі і інавацый Літвы Ёвіта Нелюпшэне, перадае Радыё Свабода са спасылкай на Інтэрфакс-Захад.
Па яе словах, у апошнія тыдні праз некаторыя паслабленні у каранцінных абмежаваннях назіраецца «падвышаная зацікаўленасць» да літоўскага рынку працы.
Паводле яе словаў, 43 беларускія прадпрыемствы ўжо пачалі працэс пераводу дзейнасці, 37 у стадыі падрыхтоўкі. Агулам такую цікавасць выяўляюць 110 беларускіх прадпрыемстваў, якія маглі б стварыць у Літве каля 3 тысяч новых працоўных месцаў. Як адзначыла Ёвіта Нелюпшэне, пераважна хочуць перабрацца ІТ-спецыялісты, якія працуюць у сферы стартапаў.
Камітэт зацвердзіў папраўкі да законаў аб інвестыцыях і занятасці — так званы пакет аб рэлакацыі. Ён павінен дапамагчы прадпрыемствам трэціх краін, якія выказалі жаданне інвеставаць у эканоміку Літвы, без перашкодаў перавезці работнікаў і іх сем’і. Асобна абгаворваецца прыярытэтны статус грамадзянаў Беларусі.
Калі папраўкі будуць прынятыя, на льготы змогуць прэтэндаваць прадпрыемствы, якія падпісалі дамовы з урадам Літвы з абавязкам інвеставаць як мінімум 1,45 мільёнаў еўра, стварыць найменей 20 новых працоўных месцаў і плаціць заробкі ў памеры 1,5 сярэдняй велічыні заробку ў самакіраванні, у якім будуць зробленыя капіталаўкладанні.
Паводле віцэ-міністаркі, такія пагадненні ўжо падпісалі прадстаўнікі 71 беларускага прадпрыемства. Міністэрства эканомікі і інавацый спадзяецца, што папраўкі набудуць моц ужо ў чэрвені.