Пайшоў з жыцця праваслаўны дыякан Уладзімір Русак
На 70-м годзе жыцця памёр проатдыякан Уладзімір Русак, паведамляе ў сваім блогу дыякан Андрэй Кураеў. Русак нарадзіўся ў вёсцы Муцькавічы каля Баранавіч (у савецкі час была перайменаваная ў Зорную, цяпер увайшла ў склад Баранавіч).

Уладзімір Русак
Уладзімір Русак вучыўся ў Мінскім педінстытуце, але выбраў царкоўную дарогу. Пайшоў працаваць у «Журнал Московской Патриархии», скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію і атрымаў званне кандыдата багаслоўя.
Служыў дыяканам і паралельна пісаў, збіраў звесткі пра савецкія рэпрэсіі супраць праваслаўя. У 1982 годзе дабіўся пераводу ў Віцебск, але за згадку ў пропаведзі пра пакутнікаў за веру яго пазбавілі рэгістрацыі і выслалі ў Жыровічы.
Русак склаў спісы расстраляных і арыштаваных савецкай уладай святароў. А таксама знайшоў дакументы пра тое, што епіскапаў прызначалі ў епархіі па ўказанні органаў дзяржбяспекі.
Нарэшце за самвыдатаўскую кнігу «Сведчанне абвінавачвання» ў 1983 годзе Русака арыштаваў КГБ. Прысуд быў максімальны: 7 гадоў калоніі плюс 5 высылкі за «Антысавецкую агітацыю». Але пачалася перабудова, і ў 1988 Русака выпускаюць, і ён выязджае ў Амерыку, дзе правёў большую частку апошніх гадоў жыцця. Там ён выкладаў у семінарыі Рускай праваслаўнай замежнай царквы.
Знаёмыя Русака называлі яго святым чалавекам.
nn.by