Несправядліва забытыя: Адам Паўлюкавец
Беларуская гісторыя налічвае шмат лінгвістаў, якія зрабілі значны ўнёсак не толькі ў беларускую мову і культуру, але і ў замежную. Адным з такіх выбітных людзей быў Адам Аляксандравіч Паўлюкавец. Лінгвіст, перакладчык, паэт і патрыёт Беларусі, ён зрабіў вельмі шмат за той час, які скупа адмераў яму Бог.
Маё знаёмства з гэтым легендарным чалавекам пачалося з мовы эсперанта. Простая і лёгкая ў вывучэнні мова для міжнародных зносін скарыла мяне сваёй прыгажосцю і лаканічнасцю. Вельмі ўразіла, што яна была вельмі папулярная ў ХХ стагоддзі сярод народаў былога СССР і непасрэдна ў нашай краіне. Адным з фундаментальных і на жаль бадай, што адзіным падручнікам на беларускай мове дапаможнік А.А.Паўлюкаўца «Мова эсперанта». Той варыянт, што быў у агульным доступе мне не спадабаўся, бо змяшчаў вельмі шмат памылак. Для сябе паставіў задачу: знайсці кнігу ў папяровым выглядзе і цалкам распазнаць яе. Задача была паспяхова мною выканана. Паступова пачаў цікавіцца аўтарам кнігі і як гэта часта бывае ўбачыў, што беларускамоўная Вікіпедыя змяшчае толькі некалькі радкоў пра яго. Пачаліся пошукі… і першым хто, ласкава пагадзіўся ўспомніць пра свайго былога сябра стаў Мікола Бусел. Вось яго ўспаміны (захаваны правапіс арыгіналу — рэд.):
Ν. ΜΠ 30.01.2019
... З Адамам Паўлюкаўцом я пазнаёміўся, калі ён пасяліўся да нас у студэнцкі пакой інтэрната па Омскім завулку, 12, што стаяў побач з інстытутам. Адам быў на адзін курс старэй за мяне, ён вучыўся на факультэце французскай мовы, мы ж вывучалі іспанскую. Гэта быў невысокі худы, з негустымі валасамі юнак, вельмі сьціпла апрануты. З сабою ён прынёс акрамя звычайных рэчаў скрыначку, у якой акуратна стаялі канверты з лістамі. Адам быў не надта гаваркі і мы не прыставалі да новага насельніка з распытамі. Адам мала бываў у пакоі, звычайна ён пасьля заняткаў некуды хадзіў і прыходзіў пад вечар. От тады ён сядаў і чытаў хатняе чытанне па-французску. Памятаю, гэта была даволі таўстая кніга Les Thibault Ражэра Марціна дзю Гара.
Неяк я ўбачыў у яго і Le Docteur Jivago. Я ведаў, што гэтая кніжка Пастарняка забароненая бальшавікамі, цікавасьці да яе я не меў, а вось Адам недзе ёю разжыўся і чытаў.
Калі я пацікавіўся, нашто ён так бярэжыць лісты, ён расказаў мне, што гэта ягоная перапіска з замежнымі эсперантыстамі, што ён – адзін з сакратароў міжнароднага саюзу эсперантыстаў і што яго запрашалі на кангрэс эсперантыстаў у Польшчу і калі ён зьвярнуўся па візу кагабісты параілі яму адгаварыцца, маўляў ён хворы. Канешне, Адам хлусіць не стаў і нікуды яго не пусьцілі. (Відаць, не быў ён агентам уплыву.)
Лісты ж да яго прыходзілі з усяго сьвету, з прыгожымі маркамі. Чамусьці мне запомніўся канверт з Бразіліі.У яго ж я ўпершыню пабачыў французскі падручнік геаграфіі, кніжку, ілюстраваную каляровымі фатаздымкамі прыгожых краявідаў. Савецкія падручнікі адразу ж падаліся мне шэрымі і непрывабнымі.
Адам быў перакананым і шчырым беларускім нацыяналістым. Палітычныя погляды ягоныя былі лаканічныя: «Рускія каланізатары, марш у сваю Расію». Хоць я зусім не быў пракамуністым, але гэткі рашучы лозунг нек зьбянтэжыў мяне: не часта спаткаеш у нашым асяродку такое яснае выкладанне сваёй пазіцыі. Мне гэты лозунг быў вельмі да душы, хоць сам сабе я лічыў яго трошкі нерэальным. Але, аказваецца, усё магчыма.
У 1969 годзе мне давялося перапыніць навучанне і я згубіў кантакт з Адамам. Толькі недзе ў сярэдзіне 80х гадоў, чытаючы беластоцкую «Ніву» я наткнуўся на ліст у газету. Дапісчык прасіў тых, хто ведае, даслаць яму словы польскае песьні, якую сьпявала ягоная мама. Далей ішлі некалькі радкоў і імя аўтара допісу і ягоны адрас. Гэта быў Адам Паўлюкавец.
Я быў дужа ўзрадаваны, што ведаю, дзе жыве Адам і адразу ж напісаў яму ліст. Адам адгукнуўся.Калі я бываў у Менску — звычайна пару разоў на год — я званіў яму і ён запрашаў мяне да сябе. Жыў ён за адны гоні ад аўтавакзала «Усходні», літаральна хвілін сем хады, у невялікай аднапакаёвай кватэры; выглядаў гэтак жа бедна як і ў студэнцкія гады. Мне ён расказаў, што пасьля вучобы на працу па спецыяльнасьці не пайшоў, а паступіў на завод шасцярон токарам, пэўны час працаваў там, а потым кінуў. Жыў з таго, што перакладаў для аднэй хрысьціянскае суполкі літаратуру з замежных моў; плацілі яму то прадуктамі, то вопраткай: неяк няёмка было пытаць пра гэта. Мы гаманілі пра рознае, амаль ніколі пра асабістае і я нічога не распытваў яго. Як цяпер удае — дарма, трэбла пацікавіцца болей.
Жанчыну ягоную я бачыў мо адзін раз: Аўтобус мой пакідаў Менск а другой палове дня, завітваў да яго я звычайна на нейкую гадзіну калі люд бывае на працы.
У адно з такіх наведанняў Адам падараваў мне напісаную ім кніжку «Мова эсперанта». У кніжцы зьмешчана ладнага беларускіх вершаў, перакладзеных на эсперанта Адамам. Гэтая кніжка, падпісаная аўтарам, стаяла ў мяне на пачэснай палічцы.
Жыццёвыя клопаты перапынілі мае паездкі ў Менск.
Калі ж глыбокай восенню 1994г я патрапіў у Менск на курсы ўдасканалення і пазваніў Адаму, слухаўку ўзяла ягоная жонка. «Адам памёр», — сказала яна.
Гэта было так неспадзявана, што я павесіў слухаўку, нічога не распытаўшы ў яе. Ізноў даводзіцца пра тое толькі мосна шкадаваць...
Вось і ўсё, што я памятаю пра Адама Паўлюкаўца.
Час ад часу памяць вяртае мяне да ўспаміну пра яго, шчырага патрыёта і нацыяналіста. Такіх, як ён, было небагата, але іхняя значнасць неадменная.
Я звяртаюся да ўсіх, хто чытае гэтыя радкі. Калі ў вас ёсць хоць нейкія біяграфічныя звесткі пра Адама Аляксандравіча, калі ласка, звяжыцеся са мной. Я буду рады любой інфармацыі. З даты яго смерці мінула амаль чвэрць стагоддзя, але я не губляю надзеі знайсці сяброў, знаёмых або калі пашанцуе нават сваякоў, якія змогуць дапамагчы зрабіць поўны артыкул. Бо як кажуць, пакуль жыве памяць пра чалавека, жыве і сам чалавек…
Кнігу можна ўзяць вось тут.
Мая пошта: alyaksandr.koshal@gmail.comTelegram/GSM: +1/262/5633090Viber/GSM: +375/29/5633090