«Навошта прыдумалі кайданкі, калі яны бессэнсоўныя?» Журналісту-палітвязню Андрэю Кузьнечыку — 44 гады

Ужо другі дзень народзінаў журналіст і палітвязень сустракае за кратамі. Марыць хутчэй абняць дзяцей, сьніць «музычныя сны», нагадвае «Св*бода».

2976bbb58d7e9716d2c87368d0a5f200_xl.jpg

Андрэй Кузьнечык адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў журналіста стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» і прысудзіў яму 6 гадоў пазбаўленьня волі.

За кратамі людзі таксама прагнуць сьвята, у дні народзінаў гатуюць смачныя стравы і нават умудраюцца рабіць торцікі.

«Спакушалі тартамі, але я яшчэ не настолькі тут абжыўся, каб навучыцца знаходзіць сьвяточны настрой для застольляў. Адсьвяткую ўсе прапушчаныя новыя гады і дні народзінаў, калі буду на волі», — напісаў Андрэй сваёй сям’і ў апошнім лісьце пад нумарам 86.

«У чарзе дзівіліся кніжцы на беларускай мове»

Андрэй заўсёды шмат чытае. У калёніі ёсьць бібліятэка, але можна замаўляць кнігі зь кнігарні. Ён купляе беларускамоўныя кнігі, чым зьдзіўляе сваіх суседзяў.

«На тым тыдні прывезьлі 1 з 5 замоўленых кніг. Больш за 800 старонак аднаго з маіх улюбёных аўтараў — Максіма Гарэцкага. У чарзе дзівіліся кніжцы на беларускай мове, а яшчэ больш — ейнай цане: 18 з хвосьцікам рублёў».

А вось замоўленыя Андрэем кнігі Тацяны Заміроўскай, Міленкі Ергавіча, Артура Клінава, Альгерда Бахарэвіча не прывезьлі, наракае Андрэй.

Палітвязень таксама піша, што беларускамоўных кніжак хопіць яму надоўга. Вольнага часу вельмі мала, у калёніі Андрэй спачатку працаваў «на кабэлях» (зьняволеныя рэжуць стары кабэль, абдзіраюць ізаляцыю з правадоў, здабываючы медзь і алюміній), а цяпер на лесапілцы.

«Чытаючы ў вольную хвіліну, адной кнігі хапае на два-тры тыдні. У афармленьні тут ёсьць і адзін верш па-беларуску. Купалава "Спадчына"».

«Нават па турэмных мерках чытаць "ЛіМ" ніякавата»

Андрэй выпісвае шмат пэрыёдыкі, якая выдаецца па-беларуску. Наракае, што ніводнай падпіскі цалкам не атрымаў з прычыны частых пераездаў. Пасьля «Валадаркі» была магілёўская турма, цяпер наваполацкая калёнія. Сам ён шмат гадоў працаваў рэдактарам у вядучых СМІ: «Комсомольской правде в Беларуси», «Нашай н*ве», больш за 10 гадоў — на Радыё Св*бода. Таму ўсё ацэньвае з прафэсійнага пункту гледжаньня.

«Уразіла, як моцна прасеў "ЛіМ", ператварыўся ў газэту для членаў саюзу з унутранымі нецікавымі справаздачамі, слабымі вершамі, камплімэнтарнымі і стомленымі палосамі аднаго аўтара-напаўняльніка. Нават па турэмных мерках чытаць "ЛіМ" ніякавата. Бээсэсэраўскія кніжкі зь бібліятэкі і тое цікавейшыя. Адна бяда — процьма твораў толькі ў расейскім перакладзе», — піша Андрэй.

Ліст Андрэя Кузьнечыка

Ліст Андрэя Кузьнечыка


«Гучала нешта мэлядычнае гурту PULP з альбома "This is Hardcore"»

Андрэй вельмі любіць зіму. Менавіта зімой, у сьнежні, нарадзіўся ён сам, а таксама ягоны сын Мацьвейка, якому нядаўна споўнілася 3 гады. Да дня народзінаў сына тата прыслаў верш.


Тры гадочкі ўжо Мацею.

Гэта важная падзея!

Як у кнізе тры радочкі,

Як тры промнікі ў дзянёчка —

Сонца прачынаецца,

Казка пачынаецца!


Дык няхай жа ў казцы гэтай

Будзе россып цудаў сьветлых,

Лёс як сябра спагадае,

І дабро перамагае.


У кожным лісьце палітвязень піша і пра свае неймаверныя сны. Гэтым разам Андрэй расказвае пра свой музычны сон.

«Гучала нешта мэлядычнае гурту PULP з альбома "This is Hardcore". Выспаўся, наслухаўся і з усьмешкай пабег насыпаць сьнежныя горы».


«Навошта прыдумалі кайданкі, калі яны бессэнсоўныя?»

У апошнім лісьце палітвязень піша, што і за кратамі ёсьць розныя сьвяточныя атрыбуты кшталту жывой ялінкі з гірляндамі, але ён вельмі сумуе па дзецях. Жонка Алеся ў кожным лісьце шле Андрэю шмат фатаздымкаў, каб ён бачыў, як дзеці растуць.

«Для зімовай прыгажосьці, пухнатага сьнегу, бліскучых галалёдаў у нас ёсьць і дрэвы, і ўсякія карункавыя і геамэтрычныя паверхні і патэрны. Нават сапраўдная жывая яліна з гірляндай ёсьць. Так што з вонкавымі атрыбутамі сьвяточнасьці тут усё як мае быць.

Але гэта не ідзе ні ў якое параўнаньне з фоткамі дзетак падчас зімовых забаў. Дужа цешуся, што сапраўдная зіма прыносіць ім радасьць. І Дзед Мароз хай прыносіць радасьць. Хай у яго і цёмнае мінулае і небеззаганны імідж, але казка застанецца казкай у сынхранічным, як казалі на філфаку, аспэкце», — напісаў Андрэй у апошнім лісьце.

Фрагмэнт ліста зьняволенага журналіста

Фрагмэнт ліста зьняволенага журналіста

Ён таксама ўспамінае, як яшчэ ў юнацтве ў канцы 1990-х у Славеніі засьпеў дыскусію наконт «трансфэру» паўнамоцтваў гаспадара Новага году ад Дзеда Мароза да сьвятога Мікалая.

«Там якраз выкрывалі заганы Мароза і хвалілі Міколу. Забаўна было бачыць у навінах выкрывальніцкі сюжэт, што гэта цяпер дазваляюць у суседняй краіне. Гісторыя паўтараецца і, выглядае, не апошні раз», — іранічна заўважае Андрэй.

Фрагмэнт ліста Андрэя Кузьнечыка дадому

Фрагмэнт ліста Андрэя Кузьнечыка дадому

Днямі да дзетак Кузьнечыкаў 9-гадовай Яніны і 3-гадовага Мацейкі завітаў Дзед Мароз з падарункамі. І прынёс сапраўдны мальбэрт. Яніна адразу ж пачала маляваць.

«Дачка, якая таксама ня кажа лішняга, відаць, пераняла ў таты практыку тэрапэўтычнага мастацтва. Малюе карціны, на якіх яе ўлюбёныя крылатыя каты сядзяць на ланцугах і за кратамі. І цікавіцца, навошта прыдумалі кайданкі, калі яны бессэнсоўныя?», — напісала ў фэйсбуку жонка Андрэя Алеся.

Малюнак дачкі Андрэя Кузьнечыка

Малюнак дачкі Андрэя Кузьнечыка


Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Св*бода, фрылансэр.

Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.

Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.

22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.

Прэзыдэнт Радыё Св*бода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.

23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.