«Рэпарцёры без меж»: у свеце за год забіты 59 журналістаў
Паводле звестак міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без меж», у 2022 годзе не менш за 59 супрацоўнікаў СМІ былі забіты ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю.
Самай небяспечнай краінай застаецца Мексіка, далей ідзе Украіна, піша Нямецкая хваля.
Не менш за 59 супрацоўнікаў СМІ загінулі ва ўсім свеце ў 2022 годзе, калі выконвалі сваю працу. 80 працэнтаў з іх былі забіты мэтанакіравана. Такія звесткі апублікавала ў сераду, 28 снежня, міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без меж» («RSF»).
Паводле звестак RSF, самай небяспечнай краінай для журналістаў ужо чацвёрты год запар застаецца Мексіка. У 2022 годзе тут было забіта як мінімум 11 журналістаў, якія асвятлялі вострыя тэмы, такія як арганізаваная злачыннасць. Яшчэ ў шасці выпадках «RSF» пакуль не ўдалося даказаць сувязь паміж смерцю мексіканскіх журналістаў і іх працай.
Украіна ў 2022 годзе таксама стала адной з самых небяспечных краін для работнікаў СМІ. Праз расійскую агрэсію сёлета загінула больш журналістаў, якія знаходзіліся ў замежных камандзіроўках, чым калі-небудзь яшчэ. Сярод вядомых выпадкаў — застрэлены расійскімі вайскоўцамі 13 сакавіка, паводле звестак «RSF», украінскі фатограф Максім Левін і французскі відэарэпарцёр Фрэдэрык Леклерк-Імхофа, якога забіла аскепкамі па дарозе на здымкі на ўсходзе Украіны.
Журналістаў выкрадаюць і кідаюць за краты
Раней «Рэпарцёры без меж» таксама падлічылі, што ў 2022 годзе ў свеце былі выкрадзены як мінімум 65 работнікаў СМІ. У прыватнасці, журналіста ўкраінскага інфармагенцтва «УНІАН» Дзмітрыя Хілюка ў апошні раз бачылі 4 сакавіка ў пасёлку Дымер Кіеўскай вобласці, які тады знаходзіўся пад кантролем Узброеных сіл РФ. Пра далейшы лёс Хілюка нічога невядома. Паводле інфармацыі «Рэпарцёраў без меж», Хілюк быў вывезены ў Расію.
Акрамя таго, беспрэцэдэнтная колькасць журналістаў — не менш за 533 — сядзелі ў турмах па ўсім свеце (паводле даных на 1 снежня). Больш за палову такіх выпадкаў прыпадае на пяць краін: Кітай, М'янму, Іран, В'етнам і Беларусь. «Рэкордная колькасць зняволеных у турмах работнікаў СМІ паказвае, што аўтарытарныя рэжымы ўсё часцей проста кідаюць нежаданых журналістаў за краты», — пракаментавала сітуацыю прэс-сакратар праўлення «Рэпарцёраў без меж» Каця Глогер.
У Беларусі, паводле БАЖ, цяпер у зняволенні знаходзяцца 33 журналісты, а ўсяго з пачатку года былі затрыманы 43 журналісты.
У нядаўняй справаздачы «RSF» адзначаецца значнае пагаршэнне ўмоў працы журналістаў у Расіі пасля пачатку вайны. «Большасць пакінутых у краіне работнікаў СМІ вымушана працаваць у падполлі пад пагрозай драконаўскіх пакаранняў: за распаўсюджанне «ілжывай інфармацыі» аб расійскай арміі ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі», гаворыцца ў дакуменце. Усяго ў РФ, паводле даных на 1 снежня, у зняволенні знаходзіліся 18 журналістаў.