Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 28 снежня

Галоўныя навіны краіны ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сілавікі затрымалі мінскага рэпетытара і заснавальніка адукацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы да цэнтральнага тэсціравання «100 балаў» Яўгена Лівянта, які шмат гадоў выкрываў праблемы ў сферы адукацыі. Вядома, што яго забралі проста падчас урока. З настаўнікам зрабілі «пакаяльнае відэа». 

Стала вядомая дата суду над палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам. Яго пачнуць судзіць 9 студзеня. Крымінальную справу будзе разглядаць Гродзенскі абласны суд. Пачобута абвінавачваюць у «здзяйсненні групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйсненні наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму», а таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». 

Выйшаў на волю баксёр Аляксей Кудзін, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе. Ён быў асуджаны на два з паловай гады калоніі за тое, што 10 жніўня 2020 года нібыта нанёс удары супрацоўніку ўнутраных войскаў і супрацоўніку УУС Мінаблвыканкама, у якіх потым «былі выяўленыя пашкоджанні». Кудзіна затрымалі ў Маскве ў пачатку 2021-га, а 21 ліпеня, пасля заканчэння тэрміну ўтрымання пад вартай у маскоўскім СІЗА, яго вывезлі ў Мінск. 

Таксама на волю выйшаў палітвязень электрык Гомельскай ЦЭЦ Дзяніс Гапоненка, якога асудзілі на год пазбаўлення волі. Яго абвінавачвалі ў закліках да пратэсту. Хлопец адбыў за кратамі ўвесь тэрмін.

Праваабаронцы паведамляюць, што 27 снежня зрабілі закрытым працэс па «справе Рабочага руху», фігурантамі якой з'яўляюцца 10 чалавек. Разгляд справы пачаўся 9 лістапада ў Гомельскім абласным судзе і да гэтага часу праходзіў у адкрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1450 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1727 чалавек. Сярод іх — 201 жанчына і 6 непаўнагадовых. 14 чалавек адпраўленыя на прымусовае лячэнне.