Журналісту і палітвязню Андрэю Пачобуту прызначылі дату суда

Андрэя Пачобута пачнуць судзіць 9 студзеня. Крымінальную справу будуць разглядаць у Гродзенскім абласным судзе.

paczobut_1.jpg

Андрэя Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйсненне наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).

Справу журналіста-палітвязня, сябра беларускага «Саюза палякаў» пачнуць разглядаць у Гродне 9 студзеня. Суддзя — Дзмітрый Бубенчык.


Нагадаем, Андрэй Пачобут, разам з іншымі актывістамі  «Саюза палякаў», быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Пазней вязням прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але журналіст адмовіўся.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыяльнай прыкмеце». У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у «Magazyn Polski», напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

 4 кастрычніка КДБ дадаў журналіста ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.