Андрэя Пачобута вінавацяць у тым, што назваў падзеі 17 верасня 1939 «савецкай агрэсіяй»

Польскае выданне Rzeczpospolita сцвярджае, што журналіст-палітвязень Андрэй Пачобут з-за кратаў змог перадаць інфармацыю аб сваім абвінавачанні.

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Гаворка ідзе пра некалькі дзіўных абвінавачанняў, якія фігуруюць у крымінальнай справе. Пракуроры палічылі словы Пачобута аб савецкай агрэсіі супраць Польшчы 17 верасня 1939 года «распальваннем нацыянальнай варожасці». Бо, па прапагандзе Лукашэнкі і Крамля, менавіта тады адбылося «вызваленне ўкраінскага і беларускага народаў, прыгнечаных Польшчай».
Яшчэ адным абсурдным доказам абвінавачання з'яўляюцца заявы Андрэя Пачобута ў абарону польскай адукацыі ў Беларусі, якую рэжым гадамі знішчаў.
У справе фігураваў і адзін з яго артыкулаў у Gazeta Wyborcza, у якім ён паведамляў пра жорсткае падаўленне поствыбарчых пратэстаў у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Абвінаваўцы рэжыму таксама ўгледзелі «ўзбуджэнне нянавісці» ў заявах і інтэрв'ю Пачобута, якія ён даў польскім СМІ. Але да справы прывязалі і ягоны артыкул у «Magazyn Polski», які ён напісаў у 2006 годзе і прысвяціў «Алеху» (Анатолу Радзівоніку), аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага і вызваленчага падполля ў Гродзенскай вобласці.
 У лістах ён піша, што не эмацыйны, чытае кнігі і гатовы да горшага сцэнара. Вітае ўсіх, сяброў і незнаёмцаў. Ён усім удзячны за тое, што яны пішуць лісты, нягледзячы ні на што, — паведамляе Аксана Пачобут, жонка зняволенага журналіста. — Андрэю не дазваляюць перапісвацца з сынам, бо яны пішуць адно аднаму на польскай мове, — 16 месяцаў! За гэты час наш сын вырас вышэй за бабулю і дзядулю, — піша жанчына.
Андрэй Пачобут — гродзенскі журналіст і сябра «Саюза палякаў» у Беларусі.
Ён быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне пасля доўгага ператрусу ў сваім доме. Затым Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму»). Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму №8.
На пачатку траўня 2022 года Андрэя перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
У красавіку 2011 года на Андрэя Пачобута было заведзена адразу дзве крымінальныя справы «Абраза прэзідэнта» і «Паклёп на прэзідэнта». Журналіст правёў у СІЗА два месяцы, пасля чаго быў асуджаны да трох гадоў з адтэрміноўкай. Праз год на Пачобута завялі яшчэ адну крымінальную справу па абразе Аляксандра Лукашэнкі, але яна так і не дайшла да суда і была спыненая за адсутнасцю складу злачынства. За час знаходжання ў турме журналіст страціў больш за 20 кілаграмаў вагі.