Барыс Нямцоў: З Лукашэнкам лепей справаў не мець
У 2009 годзе Барыс Нямцоў удзельнічаў у канферэнцыі «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка?», якая праходзіла ў Мінску. Беларускія і расійскія палітыкі абмяркоўвалі, што трэба зрабіць, каб наладзіць стасункі паміж краінамі. Вось што тады казаў Барыс Нямцоў.
«Што рухае Лукашэнкам? Захаваць уладу і перадаць яе ў спадчыну сыну, пакінуць за сабой асабісты кантроль за эканомікай і выкарыстоўваць Расію і астатні свет як донараў яго рэжыму».
«Кантроль за эканомікай — гэта найважнейшы складнік усеўладдзя... Не мае значэння, на карысць каго праводзіць прыватызацыю дзяржуласнасці — немцаў, палякаў, рускіх, прыбалтаў. Гэта — страта кантролю над краінай. Таму Лукашэнка будзе чапляцца за дзяржаўную ўласнасць, якую лічыць сваёй, да апошняга».
«Захоўваючы ў дзяржуласнасці важныя аб'екты, Лукашэнка выракае эканоміку на заняпад».
«Калі б Пуцін быў разумнейшы, ён бы спыніў субсідзіраваць беларускую эканоміку. Лукашэнка быў бы вымушаны пайсці на эканамічныя рэформы, і яго рэжым стаў бы слабець. Аднак у расійскай улады няма стратэгіі ў дачыненні да развіцця дыялогу з Лукашэнкам. У яе куча фобій: яна баіцца Захаду, баіцца, што амерыканцы ўвойдуць у Мінск, яна вельмі эмацыйная і жыве ў рэжыме комплексаў».
«Стратэгія такая: Расія — сыравінны прыдатак, і трэба выпампаваць з Расіі як мага больш грошай, але пры гэтым праводзіць самастойную палітыку».
«Мая стратэгія ў дачыненні да Лукашэнкі была б такая: гандлюем па рынкавых цэнах. Хочаш — уступай у НАТО, хочаш — у ЕС, але ніякіх субсідый не атрымаеш. Я б тады сказаў: адкрывай рынкі, будзем прыватызаваць тваю эканоміку і праводзіць сумленныя тэндэры па продажы дзяржуласнасці, усё роўна каму — амерыканцам, рускім».
«У НАТО і ЕС Лукашэнка не пусцяць, таму што ён — дыктатар».
«Сур'ёзныя расійскія інвестары, за выключэннем авантурыстаў, у Беларусь не прыйдуць... Расійскі капітал столькі абпальваўся ў Беларусі <...>, а ў бізнесе дастаткова аднаго-двух прыкладаў, каб зразумець, што з Лукашэнкам лепш не мець справу».
*****
Расійскі палітык Барыс Нямцоў быў забіты некалькімі стрэламі на Вялікім Маскварэцкім мосце позна ўвечары 27 лютага 2015 года. Па справе аб забойстве асуджаныя да тэрмінаў да 20 гадоў калоніі пяцёра ўраджэнцаў Чачні, якія былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства. Імя замоўцы дагэтуль не названа.Следчы камітэт працягвае пошук неўстаноўленага заказчыка злачынства. Справа ў дачыненні яго вылучана ў асобную вытворчасць.
Адвакат Вольга Міхайлава, якая прадстаўляе інтарэсы дачкі Нямцова Жанны, нядаўна заявіла журналістам, што сваякам забітага апазіцыянера так і не ўдалося дабіцца ад следства інфармацыі аб ходзе расследавання.
Цытуецца паводле belapan.by, фота Юрыя Дзядзінкіна