Зварот у абарону беларускіх журналістаў падпісала 21 краіна свету
Чальцы Кааліцыі за свабоду СМІ апублікавалі зварот, у якім рашуча асуджаюць прымусовую пасадку самалёта Ryanair і арышт журналіста Рамана Пратасевіча, перадае Свабода.
Т
Тэкст ліста апублікаваны на сайце Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША:
«Гэтае здарэнне яшчэ больш турбуе, калі разглядаць яго ў кантэксце маштабнай кампаніі па прымушэнні замаўчаць незалежныя галасы ў Беларусі, у тым ліку атакі 18 траўня на офісы незалежнага навінавага сайта tut.by і арышты некалькіх супрацоўнікаў. Каля 400 журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі сутыкнуліся з рознымі формамі рэпрэсій падчас выбараў 9 жніўня і іх наступстваў».
Зварот падпісалі ўрады Аўстрыі, Баўгарыі, Канады, Кіпра, Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Грэцыі, Ісландыі, Латвіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Паўночнай Македоніі, Славаччыны, Славеніі, Швайцарыі, Украіны, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амерыкі.
Кааліцыя за свабоду СМІ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Пратасевіча, а таксама іншых журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія былі затрыманыя ў Беларусі за працу.