Замежныя СМІ пра Беларусь: 31 кастрычніка — 6 лістапада
Беларусь у дрэйфе. Яе знешняя палітыка дзейнічае ў небяспечным і непрадказальным полі. Яе аўтакратычны кіраўнік абдумвае, як лепш правесці рэформы ўлады. Апазіцыя спрабуе адрадзіцца і змяніцца. І што б ні распачала Расія бліжэйшым часам, яна абавязкова скарыстаецца любой нявызначанасцю ў будучыні краіны. «Foreign Affaires» (ЗША)
Фота nnm.me
Лукашэнка-палітык апярэдзіў з’яўленне пуцінізму — палітыкі, што супраціўляецца механічнаму перасаджванню мадэляў ліберальных дэмакратаў на постсавецкую глебу. Як і Пуцін, ён
ішоў да ўлады з пераканаўчай крытыкай савецкай мадэлі. Стаўшы ж на чале краіны, у якой сканцэнтраваны гіганты савецкай цяжкай індустрыі, ён аддаў анафеме Шушкевіча, белавежскага падпісанта, наадрэз
адмовіўся ад бяздумнай прыватызацыі, якая ўсюды закончылася адкрытым заахвочваннем нажывы і стварэннем алігархату. Магчыма, А. Лукашэнку пашанцавала — у сярэдзіне 90-х гадоў у народнай масе
крытычны зарад непрымання «гайдарономікі» і «чубайсізацыі» быў занадта вялікі, ігнараваць яго не змог Ельцын, дый не пажадаў Лукашэнка.
«Haqqin» (Азербайджан)
Ці застанецца Беларусь суверэннай дзяржавай, і ці з’яўляецца яна такой цяпер? Над гэтым пытаннем разважалі ўдзельнікі дыскусіі 28 кастрычніка ў Вільні. У пачатку дыскусіі яе ўдзельнікам
прапанавалі прагаласаваць, ці застанецца Беларусь суверэннай дзяржавай. За тое, што яна такой застанецца, прагаласавалі 24 чалавекі, 12 падтрымалі тэзіс пра тое, што Беларусь не застанецца суверэннай
дзяржавай, а 2 чалавекі не мелі на гэты конт пэўнай думкі.
«Delfi» (Літва)
Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі адносна важных для Захаду пытанняў памякчэла. Гэта дапамагло скараціць прэмію за рызыку ў беларускіх аблігацыях да мінімальнага ўзроўню амаль за год. Ashmore Group
Plc, якая валодае значным аб’ёмам беларускіх еўрааблігацый, кажа, што ралі працягнецца. Паляпшэнне пазіцый на Захадзе дазволіць Лукашэнку лягчэй абслугоўваць дзяржаўныя даўгі, у той час як
эканоміка краіны падае, а сітуацыя ў фінансавай сферы пагаршаецца.
«Bloomberg» (ЗША)
Літва ўжо шмат гадоў спрабуе вырваць Беларусь, як кажуць у Вільнюсе, «з абдымкаў Расіі». Тут актыўна дзейнічае беларуская апазіцыя, знайшлі прытулак многія ворагі афіцыйнага
Мінска. Перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ нават запрашала Аляксандра Лукашэнку ў Вільню, называла гарантам незалежнасці яго краіны. Праца па змяненні
палітычнай арыентацыі афіцыйнага Мінска працягваецца.
«Парламентская газета» (Расія)
Спробы Праваслаўнай царквы ў Беларусі адначасова выступаць на баку дзяржавы, і пры гэтым адстойваць свае каштоўнасці, могуць быць паспяховымі толькі ў выпадку апоры на грамадства, лічаць
эксперты. Аднак пры слабой развітасці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў цэлым, а таксама з-за занадта моцнага кантролю з боку дзяржавы Царква па-ранейшаму застаецца пасіўным гледачом усіх
працэсаў, якія адбываюцца ў краіне.
«Русская Планета» (Расія)