З Майдана з цяжкім сэрцам

Гэтым разам я вяртаўся з Кіева з цяжкім сэрцам. Трэба ведаць украінцаў, каб зразумець, як можа ўразіць тут сваёй нязвыкласцю ціша ў поўным аўтобусе ці вагоне метро, прыглушаныя размовы ў кавярнях. Атмасфера ўкраінскай сталіцы нагадала мне родны Мінск у першыя тыдні пасля разгону Плошчы-2010 і масавых арыштаў. 



Мае кіеўскія знаёмыя настойліва прасілі пазбавіцца ўсялякай сімволікі на вопратцы і далі зменную куртку для знаходжання на Майдане — каб за яго перыметрам не пахнуць дымам, бо гэты пах адразу выдае майданаўца. Тых, хто палюе на людзей з пахам дыму, называюць «нюхачамі».

Перад вяртаннем дадому паклалі мне зверху ў заплечнік плюшавую цацку: «Калі спатрэбіцца, скажаш, што гасцяваў у сваякоў, вязеш падарунак малому». 


Нічога падобнага не было напачатку снежня мінулага году. Зрэшты, з таго часу шмат чаго адбылося. Ад маіх знаёмых рукой падаць да Барыспальскай шашы, дзе невядомыя жорстка збілі журналістку Таццяну Чарнавол у ноч на 25 снежня. Таксама ў Барыспальскім раёне выкінулі збітым у лес грамадскага актывіста Ігара Луцэнку. Потым знайшлі труп закатаванага да смерці львавяніна Юрыя Вярбіцкага. Літаральна ўчора тут знайшоўся Дзмітры Булатаў, адзін з лідэраў Аўтамайдану, выкрадзены тыдзень таму. Жывы, але з адрэзаным вухам, дзіркамі ад цвікоў на руках… Ёсць чаго спужацца. 
Яшчэ болей, чым таго, што ўжо адбылося, многія баяцца таго, што чакае краіну наперадзе. 

«Ці бачылі вы твар Януковіча, калі ён згадаў забітага Юрыя Вярбіцкага? Ды каб яму язык адсох такое казаць, што ён «замёрз» (паводле афіцыйнай версіі, смерць Юрыя была выклікана не атрыманымі траўмамі, ён памёр ад пераахаладжэння — аўт.)! Кажа, а самога ажно круціць ад гідлівасці, нібы ён пра казюрку якую раздаўленую гаворыць… Слухайце, такі ні перад чым не спыніцца, ён нас усіх раздавіць»,


— дзеліцца сваімі ўражаннямі жанчына каля бочкі з вогнішчам на Майдане. 
«Або мы яго голай задніцай на вось гэтую бочку пасадзім», — змрочна адгукаецца адзін з мужчынаў. 
Жорсткія прагнозы наконт будучыні ўкраінскага прэзідэнта з боку шараговых майданаўцаў — цалкам новая з’ява. Хаця пра высокую ступень нянавісці, якая адрознівае цяперашні Майдан ад Майдану–2004, я чуў яшчэ да сваёй першай паездкі ў Кіеў, у снежні мяне здзіўляла якраз лагоднасць удзельнікаў пратэсту. Тады яшчэ можна было пачуць, як прэзідэнта ласкава называюць усяго толькі «целяпнем».
Аднак і цяпер, калі надзеі на мірнае вырашэнне палітычнага канфлікту таюць на вачах, нельга сказаць, што Майдан аслеплены злосцю ці прагай помсты. 
Шмат моцна раззлаваных хлопцаў з Львову. Не таму, што яны зласлівыя па сваёй прыродзе «западэнцы» і «бандэраўцы». У Кіеве па начах невядомыя паляць машыны з львоўскімі нумарамі. Юры Вярбіцкі, як сведчыць Ігар Луцэнка, быў забіты за тое, што размаўляў па-ўкраінску і быў львавянінам. Зусім не радыкал, вучоны-сейсмолаг, альпініст, з выгляду падобны да хіпі. Магчыма, гэтае забойства было мэтанакіраваным — каб перавесці палітычны канфлікт на этнакультурныя рэйкі, прымусіць львавян помсціць. 

І вось львоўскі хлопец узбуджана расказвае на Майдане, як яны, едучы вялікай кампаніяй у цягніку да Кіева, здзейснілі два акты расправы. Прымусілі нейкага міліцыянта «каяцца перад народам», паставіўшы на калені, а мужчыну з сцяжком Партыі рэгіёнаў «зжэрці гэты паскудны сцяжок». 


На Майдане няма тых, хто спачувае Партыі рэгіёнаў. Стаўленне да міліцыі сярод украінцаў было адмоўным яшчэ задоўга да пачатку пратэстаў. Тым не менш гурток людзей, у якім хлопец хваліўся сваімі подзвігамі, сустрэў ягоны расказ маўчаннем. Калі ж ён адышоў, нехта падсумаваў агульнае, як высветлілася, уражанне:
«Не, так рабіць няправільна. Уявіце, каб нехта ў цягніку з Данецку гэтак жа адшукаў чалавека з дзяржаўным сцягам…» 

Дарэчы, дзяржаўны ўкраінскі сцяг, як ні абсурдна, апошнім часам стаў нагодай для пільнай увагі міліцыі. Людзі расказваюць, што ў грамадскіх месцах, калі ў цябе з сабой жоўта-блакітны сцяжок, міліцыянты падыходзяць і просяць яго прыбраць. Пакуль ветліва, але ўжо — настойліва.   


Ці не сведчыць гэта аб тым, што цяперашняя кіроўная эліта толькі вымушана згаджаецца з існаваннем украінскай дзяржавы, у глыбіні душы падзяляючы думку расійскіх імперыялістаў пра Украіну як «штучнае ўтварэнне»?
Да якога яны ставяцца як да сваёй кармавой базы. А каб ім не заміналі насалоджвацца жыццём напоўніцу, стукаюць ілбамі заходнікаў з усходнікамі — хай губляюць сілы, цягаючы за чубы адзін аднаго.

На Майдане схільныя да такога пункту гледжання — што міжрэгіянальны канфлікт правакуецца і ўзмацняецца штучна. Таму майданаўцы намагаюцца ўсяляк пазбягаць, нават на ўзроўні гутарак каля бочак з вогнішчам, праяваў міжрэгіянальнай варожасці і канфліктаў паміж «простымі людзьмі».


З гэтай прычыны хлопец застаўся самотным у сваім куражы ад здзеку над выпадковымі пасажырамі. 
Я не чуў закідаў кшталту таго, які зрабіў калісьці Юрась Беленькі ў адрас рускамоўных беларусаў — што яны «страляюць у свой народ».  
Хаця нацыяналістаў, у тым ліку радыкальных, там нямала. Іхнае дамінаванне на Майдане, пра якое часта гаворыцца, праяўляецца хіба што ў сімвалічнай прысутнасці. Прасцей кажучы, нацыяналістычныя сімвалы кідаюцца ў вочы.

Калі ж казаць пра ідэі, на Майдане дамінуе ідэя агульнаграмадскага пратэсту.   


І ўсё-ткі агульнаграмадскі характар пратэсту, які бясспрэчны для таго, хто сам працяглы час быў на Майдане, губляецца за яркімі карцінкамі, асабліва з хлопцамі з «Правага сектару». Нягледзячы на тое, што нават барыкады на Грушэўскага ўмацоўваюць і трымаюць зусім не адны радыкальныя нацыяналісты. Тут дзяўбуць лёд і складаюць яго ў мяшкі ў тым ліку яшчэ ўчора цалкам апалітычныя кіяўлянкі. 

«Чаго дзяўбем? Бо задзёўб ужо гэты нахабны паханат. Мы лепей тут, прабачце, ракам пастаім, чым наступную пяцігодку, ці яшчэ невядома колькі, так стаяць перад імі», — гаворыць жанчына ў ружовым лыжным касцюме. 


Бяда ў тым, што з агульнаграмадскага складніка пратэсту карцінкі і сенсацыі не зробіш, у адрозненне ад баявітых хлопцаў з нацыяналістычнай сімволікай.
Гэтая другая карцінка ў значнай ступені шкодзіць пашырэнню пратэсту, а пашырэнне пратэсту азначала б меншую кроў.
У цяперашняй сітуацыі варта было б адмовіцца ад выкарыстання партыйнай сімволікі, як было на самым пачатку Майдану. Бо зусім не той час, калі можна думаць пра ўласныя палітычныя ачкі і дывідэнды. Але ж хто наважыцца зараз высунуць такое патрабаванне…  
Я пачаў артыкул з таго, што вяртаўся дадому з цяжкім сэрцам. Гэта не толькі праз пэўнае падабенства «мірнай» часткі Кіева да беларускай сталіцы ўзору палітычнай зімы 2010 году, не толькі праз парасткі страху ў грамадстве.

Мяне гняце два пытанні. Першае: ёсць у рэвалюцыі пачатак… дзе ў рэвалюцыі канец? Другое: пратэстоўцы ўжо заплацілі вялізны кошт, ахвяраваўшы сваім здароўем і жыццямі… за што яны яго заплацілі?  


Не ведаю, якая перспектыва жахае болей — Януковіч, які застанецца пры ўладзе, ці нікчэмнасць «перамогі», пасля якой пачнецца дзяльба партфеляў, рэсурсаў і траскучая балбатня замест кардынальных рэформаў.

Кошт заплачаны вялізны. І апраўданы ён можа быць толькі ў адным выпадку — поўнай перазагрузкі краіны, ліквідацыі карупцыйна-алігархічнага рэжыму. Пра гэта гаворыць увесь Майдан усярэдзіне народнай тоўшчы.


Ці чуюць яго тыя, хто бярэ на сябе адказнасць за ўвасабленне патрабаванняў Майдану? Само словазлучэнне — «перазагрузка краіны» — палітыкі, здаецца, ужо добра вывучылі. Але дасюль было не чуваць, каб хтосьці з іх наважыўся хаця б дэклараваць план той перазагрузкі. 

Ці разумеюць яны, што за перамогу, здабытую крывёю, спытаюць ужо па самым вялікім рахунку? А не проста горка плюнуць, як мінулым разам...