Ва Украіне да 22 чэрвеня ўвялі адаптыўны каранцін

Каранцінныя меры ва Украіне паступова паслабляюцца: неўзабаве пачне працаваць метро, адновяцца аўтобусныя перавозкі, адкрыюцца пункты пропуска на мяжы з Еўрасаюзам і Малдовай.

nbnews.com.ua

nbnews.com.ua

Кабінет міністраў прыняў рашэнне аб усталяванні адаптыўнага каранціну ва Украіне з 22 траўня па 22 чэрвеня.
"Што змяняецца? Мы ўводзім пэўныя прыкметы эпідэмічнай сітуацыі ў рэгіёнах. А менавіта: інцыдэнтнасць — гэта сярэдняя колькасць выпадкаў COVID-19 за апошнія 7 дзён на 100 тыс. насельніцтва, якая павінна складаць менш за 12 чалавек на 100 тыс. насельніцтва. Загружанасць ложкаў ва ўстановах аховы здароўя, вызначаных для шпіталізацыі пацыентаў з пацверджаным выпадкам COVID-19 павінна складаць менш за 50%. А таксама колькасць тэставанняў метадам ПЦР і імунаферментнага аналізу павінна складаць больш за 12 на 100 тыс. насельніцтва на працягу апошніх 7 дзён", — распавёў міністр аховы здароўя Украіны Уладзімір Сцяпанаў.
Паводле яго слоў, паслабленне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў ўжываецца і спыняецца на тэрыторыі рэгіёну на падставе рашэння рэгіянальнай камісіі.
"У нас уводзіцца пяць этапаў. Цяпер мы знаходзімся на першым этапе. З 22 траўня мы прапануем ўвесці другі этап, і так кожны этап — гэта 10 дзён", — дадаў Сцяпанаў.
З 25 траўня плануецца запусціць метро, адкрыць дзіцячыя сады. Таксама ідзе гаворка пра аднаўленне паўнавартаснага памежнага руху на мяжы з Польшчай, Венгрыяй, Славакіяй, Румыніяй, Малдовай. Застаюцца часова закрытымі пункты пропуску на мяжы з Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй у гэтых краінах. 
Таксама з 1 чэрвеня ва Украіне аднаўляюцца міжабласныя аўтобусныя перавозкі, а з 15 чэрвеня — авіяспалучэнне.
Каранцін ва Украіне быў уведзены з 12 сакавіка па 3 красавіка. Пазней ён быў падоўжаны да 24 красавіка, а затым — да 11 траўня. З 11 траўня ў краіне пачалі паступова змякчаць каранцін.
Паводле unian.net