Ва Украіне 26 лютага прызнаюць Днём супраціву акупацыі Крыма

Адпаведны ўказ мае намер падпісаць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які нагадаў, што 26 лютага 2014 года ў Сімферопалі адбыўся самы вялікі сход у падтрымку цэласнасці і адзінства Украіны.

1504083097_8200.jpg

Пра свой намер гэта кіраўнік суседняй дзяржавы паведаміў падчас выступу ў Кіеве на форуме «Age of Crimea» ( «Час Крыма»), прысвечаным Дню крымскага супраціву расійскай акупацыі.
«Аддаючы даніну павагі мужнасці і гераічнасці ўсіх удзельнікаў мітынгу, сёння мной будзе падпісаны ўказ пра Дзень супраціву акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, гэты дзень будзе адзначацца штогод 26 лютага.
«Вяртанне Крыма ва Украіну — гэта не проста мая мэта як прэзідэнта або пазіцыя як грамадзяніна Украіны, гэта не толькі наша агульная мара — гэта залог бяспекі на планеце, гэта аднаўленне веры, веры ў міжнароднае права і веры ў справядлівасць», — падкрэсліў Зяленскі.
26 лютага 2014 года перад будынкам крымскага парламента адбыўся маштабны мітынг прыхільнікаў і праціўнікаў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Сярод першых былі крымскататарскія і праўкраінскі актывісты, іх было каля 12 тысяч чалавек. Ім супрацьстаялі прарасійскія актывісты, арганізаваныя лідарамі «Рускага адзінства» на чале з Сяргеем Аксёнавым, які цяпер узначальвае расійскі акупацыйны ўрад Крыма.  
У выніку сутыкненняў у той дзень два чалавекі загінулі і некалькі атрымалі раненні. Пасля анэксіі Крыма расійскія сілавікі пачалі пераследваць крымскіх татараў за ўдзел у гэтай акцыі. Гаворка ідзе пра так званую «справу 26 лютага».
Ужо на наступны дзень, 27 лютага, будынак Вярхоўнай Рады і Савета Міністраў Крыма быў захоплены спецпадраздзяленнямі ГРУ РФ. Тады ж парламент Крыма па патрабаванні захопнікаў абвясціў аб правядзенні рэферэндуму аб далучэнні паўвострава да Расіі.
Паводле unian.net