Украінскія вайскоўцы: «Мы стаім тут за людзей»
Адваротным бокам украінскіх свабодаў, сапраўды параўнальна вельмі шырокіх, была чыноўніцкая вольніца. Цягам многіх гадоў украінскі кіроўны клас вольна займаўся вырашэннем уласных праблемаў за кошт даверанай яму ва ўпраўленне краіны.
На тым беразе цяпер ужо Расія...
У перыяд прэзідэнцтва Януковіча гэты працэс дасягнуў апагею. Ягоны залаты батон — зручны аб’ект насмешак. Але я згадваў яго ўжо без смеху, як канцэнтраваны сімвал высмактаных з краіны сокаў, гледзячы на тое, у якім стане знаходзіцца ўкраінская армія.
Не буду апісваць падрабязна нягоднасць яе тэхнічнага забеспячэння на радасць імперскім ваякам. Аднак магу сказаць, што калі б гэтаму войску даводзілася абараняць толькі дзяржаву як сукупнасць афіцыйных органаў улады, яно, мабыць, даўно пакідала б зброю і разбеглася.
На шчасце, украінская армія стала народнай. Бо народ, які зразумеў, што ён адзіны адказны палітычны суб’ект у краіне, узяў яе пад сваю апеку. І армія зразумела, каго яна абараняе, — «людзей, без якіх мы б і дня не прастаялі».
Святары перадаюць вайскоўцам прывезеныя рэчы
З адной групай такіх людзей на Geely украінскай зборцы, упрыгожанай дзяржаўнымі сцягамі, мы праехалі 21 сакавіка больш за 500 кіламетраў, наведаўшы тры вайсковыя базы, на якіх знаходзяцца салдаты 79-ай асобнай аэрамабільнай брыгады. Я паехаў разам з двума святарамі праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату — айцом Ігарам (Ігар Пятрэнка) і айцом Мікалаем (Мікалай Доўгань), а таксама медсястрой і дэпутаткай гарсавету Марыяй Вуйцык-Ляўкоўскай.
Часткова за свае, часткова за ахвяраваныя іншымі грошы, яны везлі для салдатаў разгрузачныя (тактычныя) камізэлькі, па якіх зручна распіхваць патроны, гранаты, нож і г.д.; ахоўныя акуляры ад пылу, пяску, пырскаў крыві; арафаткі; батарэйкі ды іншае.
У Ігара Пятрэнкі і Мікалая Доўганя па трое дзяцей, у абодвух ёсць вельмі хворыя дзеці: сляпы сын у айца Мікалая, дачка з парокам сэрца ў айца Ігара. Для кагосьці адно гэта было б непасільным цяжарам, а яны з уласнай ініцыятывы ўзяліся яшчэ апекавацца салдатамі.
Святар Мікалай Доўгань каля машыны перад ад'ездам
Ігар Пятрэнка распавёў, як ягоную дачку лячылі ад бранхіту, а потым высветлілася, што ў яе парок сэрца. Трэба было везці яе ў Кіеў. Бясплатная ўкраінская медыцына толькі на паперы, на самай справе ўсё грунтуецца на так званых «добраахвотных унёсках». Зрэшты, айцец Ігар гатовы быў аплаціць кошт самага дарагога бензіну на дарогу туды і назад, камандзіровачныя для кіроўцы і лекара. Але шпіталь пачаў гандлявацца над цяжка хворай дзяўчынай, удвая завышаючы неабходную суму. І нават пасля таго, як бацька аддаў яе нарэшце ў бухгалтэрыю, заявілі маці дзяўчынкі, быццам грошай ніякіх не атрымалі, таму паездка ў Кіеў пад пытаннем. Нібы хацелі яшчэ і з яе злупіць…
Майдан, па словах айца Ігара, быў паўстаннем «супраць гэтай скажонай на ўсіх узроўнях, нялюдскай сістэмы». Толькі ён адзін, толькі аб'яднаная воля народу ў стане яе змяніць. Для гэтага трэба адмовіцца ад эгаізму, паглядзець па баках — ці не магу я зрабіць нешта, каб палепшыць наша агульнае жыццё?
Святар Ігар Пятрэнка, крайні справа, на кіеўскім Майдане
Кіруючыся гэтым прынцыпам, айцец Ігар ездзіў на Майдан у Кіеў у самыя гарачыя часіны, потым арганізоўваў Майдан у Херсоне, цяпер намотвае сотні кіламетраў, развозячы салдатам вельмі патрэбныя ім рэчы.
У дарозе айцец Ігар выхоўвае па тэлефоне непаслухмяных дзяцей. Распавядае пра свайго гарэзлівага сына, якому ён абяцаў даць рамяня, калі той «не зробіць высновы». Урэшце рамяня давялося даць, на што дзесяцігадовы сын яму адказаў: «Эх, тата, я ўжо амаль зрабіў тыя высновы, але ты мне іх перабіў».
І дае ўказанні, што трэба зрабіць з нейкай кампаніяй расійскіх гастралёраў, якія ладзяць па сёлах Херсоншчыны сепаратысцкія мітынгі: «Ды яйкамі іх закідайце. Зараз якраз пост, можна».
Расказвае, што Маскоўскае праваслаўе вельмі прывязалася да формы і антуражу, заняло пазіцыю павучэння і асуджэння, закасцянела ў дагматыцы. Тады як для «сапраўднага хрысціянства», на яго погляд, уласціва шукаць, тварыць новае, задавацца пытаннямі, мысліць свабодна. «Зараз вам бацюшка крамольную рэч скажа, — гаворыць айцец Ігар. — Паглядзіце, Ісус Хрыстос парушыў ледзь не ўсе нават уласныя запаветы!»
Марыя Вуйцык-Ляўкоўская вітаецца з салдатам на пасту
У такіх размовах мы аб'язджаем Новакамянку, дзе салдаты ахоўваюць насосную станцыю, Чангар, дзе знаходзіцца асноўны памежны пункт паміж мацерыковай Украінай і Крымам, і Арабацкую стрэлку, дзе расійскі дэсант захапіў газаперапамповачную станцыю «Чарнаморнафтагаза», матывуючы захоп неабходнасцю «абароны ад магчымых тэрактаў». Тут з біноклю можна бачыць «зялёных чалавечкаў».
Для Ігара Пятрэнкі гэта ўжо пятая паездка, яго тут добра ведаюць, вітаюцца «Слава Украіне! — Героям слава!», тройчы абдымаюцца па праваслаўнаму звычаю. На развітанне ўжо братаюцца ўсе з усімі. Як мяне прасілі, перадаю хлопцам прывітанні ад беларусаў, хаця ў глыбіні душы не ўпэўнены, ці гэта не ад тузіну сяброў і знаёмых толькі.
У выпадку працягу інтэрвенцыі на мацярык, далёка не выключанага, што гэтыя хлопцы прымуць бой першымі. Яны гэта разумеюць, мы гэта разумеем. Марыя Міхайлаўна падбадзёрвае салдатаў, а сама потым у машыне ледзь не плача. Але яны самі пакуль шырока ўсміхаюцца, радыя прывезеным рэчам нібы святочным падарункам, прымаюць малайцаватую паставу, чуючы ў свой адрас: «Вы нашыя абаронцы, вы героі, мы ганарымся вамі!»
Аўтар разам з украінскім вайскоўцам
Хай бы гэта гучала для іх жывых, не папаўняліся болей шэрагі «Нябёснай сотні».
Але ў Крамлі няхай пачуюць і зробяць высновы — яны ведаюць, за што тут стаяць. Бо яны народная армія. Няхай ведаюць тое і ў Кіеве — хто ў краіне сапраўдны гаспадар і каму аддана гатовыя служыць.
Гэта ведае губернатар Херсоншчыны Юрый Адарчанка, які ў размове са мной, адказваючы на пытанне, ці ёсць у палітыкаў сапраўдная воля змяніць краіну, сказаў: «Украінцы перараслі палітыкаў, узровень грамадскай свядомасці значна вышэйшы, чым у палітычнага істэблішменту».