Украіна пераходзіць да другога этапу спрашчэння візавага рэжыму з ЕС

Еўракамісія прыняла рашэнне аб пераходзе Украіны да другой фазы лібералізацыі візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва ЕС ва Украіне.



es_ukra.jpg

У аўторак Еўракамісія прыйшла да высновы, што Украіна стварыла ўсе неабходныя заканадаўчыя, палітычныя і інстытуцыйныя рамкі і дасягнула адпаведнасці патрабаванням першай фазы візавага дыялогу. А таму можна пачынаць другую фазу, у межах якой Еўрапейская камісія будзе правяраць выкананне ўсіх гэтых правілаў, перадае «Украінская праўда».

Каментуючы падзею, прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ-Мануэль Барозу адзначыў, што прапанова перайсці да другой фазы з’яўляецца перш за ўсё «прызнаннем важных заканадаўчых рэформ, якія былі прынятыя ў апошнія месяцы».

«Хоць наперадзе ўсё яшчэ застаецца важная праца, гэта вельмі канкрэтны сігнал уладзе і грамадзянам Украіны, што ва ўмовах ўпартай працы перавагі блізкай асацыяцыі з ЕС з'яўляюцца рэальнымі і адчувальныя для ўсіх», — адзначыў кіраўнік Еўракамісіі.

Еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Сесілія Мальмстрэм адзначыла, што пасля гэтага дакладу «мы можам перайсці да другой фазы» выканання плана дзеянняў па візавай лібералізацыі.