Лукашэнка: Пасля Данбаса ветлівыя зялёныя чалавечкі палезуць у Беларусь
Пацярпеўшы няўдачу ва Усходняй Украіне, прарасійскія тэрарысты і баевікі возьмуцца за Беларусь, заявіў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы «адзінства» народа адзіным выратаваннем ад гэтай «заразы».
«Няўжо ваяваць, як ва Украіне, лепш, чым жыць спакойна. Няўжо вы гэтага не разумееце?», — настаўляў ён губернатараў і чыноўнікаў у палях Мінскай вобласці.
«Яны ж (улады Украіны — рэд.) зараз там разгорнуць гэта ўсё, і гэтая ж зараза палезе да нас. Калі вы гэтага не ведаеце, дык я гэта ведаю», — заявіў Лукашэнка.
А затым на пальцах, дакладней нібыта на рэакцыі гасцей ЧС па хакеі патлумачыў, як супрацьстаяць гэтай заразе. Паводле яго слоў, многія госці прайшоўшага мерапрыемства былі здзіўлены парадкам у краіне і тым, што Беларусь выглядае вельмі па-еўрапейску.
«У вас, кажуць, палі засеяныя... Расійцы, суседзі, з Урала прыязджаюць — вочы на ілбе: «Мы ехалі ў вёску, а тут Еўропа». Вось гэта галоўнае. Гэта аб’ядноўвае народ. Таму трэба напружвацца», — запатрабаваў Лукашэнка.
Паводле АФН