У Дрэздэне прайшлі буйныя дэманстрацыі «за» і «супраць» мігрантаў-мусульман

У Нямеччыне сярод часткі насельніцтва растуць асцярогі адносна магчымага абвастрэння сацыяльных адносінаў на фоне прыёму ўцекачоў.



pietra_kiopinh.jpg

Міністр па справах інтэграцыі Саксоніі сацыял-дэмакрат Петра Кёпінг

У Дрэздэне прайшла дэманстрацыя грамадзянаў Нямеччыны, аб'яднаных у рух ПЕГІДА, які выступаюць супраць «ісламізацыі Еўропы». Дэманстрацыя была прымеркаваная да першай гадавіны з'яўлення гэтай арганізацыі. ПЕГІДА — гэта абрэвіятура, але слова ўжо стала ў Нямеччыне намінальным. Колькасьць прыхільнікаў ПЕГІДЫ, якія выйшлі на вуліцы і на плошчу перад операй, перавышала 20 тысяч чалавек.

Не менш за 13 тысяч удзельнікаў сабрала і дэманстрацыя праціўнікаў ПЕГІДЫ. Міністр па справах інтэграцыі ўраду Саксоніі, прадстаўніца партыі сацыял-дэмакратаў Петра Кёпінг, якая ўдзельнічала ў дэманстрацыі супраць ПЕГІДЫ, сказала:

«Я хацела яшчэ раз прадэманстраваць, што мы супраць нянавісці да мігрантаў, да іншаземцаў. Я за добразычлівае сумеснае існаванне розных людзей. Я хацела б, каб мы пераадолелі расслаенне ў нашым грамадстве, хацела б, каб мы падключалі ў пытаннях чалавечага суіснавання нашы сэрцы».

 

Падчас мітынгу лідар ПЕГІДЫ Лутц Бахман скандаваў: «Мы прыйшлі, каб застацца, і мы застанемся, каб перамагчы!» Ён паабяцаў падаць у суд на міністра ўнутраных спраў Нямеччыны Томаса дэ Мезьера, які, па яго словах, назваў усіх прыхільнікаў ПЕГІДЫ правымі экстрэмістамі, а гэта дазваляе абвінаваціць яго ў нацкоўванні розных груп насельніцтва адна на адну.

Шмат хто ў Нямеччыне баіцца абвастрэння сацыяльных канфліктаў на фоне прыёму ўцекачоў з Сірыі.

Нягледзячы на намаганні прыкладна дзвюх тысяч паліцыянтаў, сутыкненняў у Дрэздэне пазбегнуць не ўдалося — адзін дэманстрант руху ПЕГІДА быў цяжка паранены, пацярпелыя ёсць як сярод прыхільнікаў, так і праціўнікаў ПЕГІДЫ, а таксама сярод паліцыянтаў.

Дэманстрантамі быў збіты тэлежурналіст расейскага відэаагенцтва RT RUPTLY Хасэ Секейра. Пацярпелі і іншыя журналісты, хоць многія з іх па рэкамендацыі паліцыі былі ў ахоўных шаломах. Пра гэта паведаміў карэспандэнт "Радыё Свабода" Юры Векслер.

www.svaboda.org